Супраць актывіста вулічных апазіцыйных акцый Міхася Панкова супрацоўнікі міліцыі распачалі крымінальную справу
13 красавіка паплечнікі 23-гадовага Міхася Панкова даведаліся, што яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску. Ад 11 красавіка ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня па падозраньню ва ўхіленьні ад вайсковых абавязкаў. Сябры Міхася лічаць, што хлопца затрымалі менавіта з прычыны ягонага актыўнага ўдзелу ў вулічных акцыях апазыцыі.
Кіраўнік аддзелу дазнаньня Андрэй Солтан паведаміў Радыё Свабода, што крымінальную справу супраць Міхася Панкова распачалі паводле зьвестак, якія даслалі ў міліцыю супрацоўнікі вайсковага камітэту Савецкага раёну. Паводле яго, крымінальная справа супраць Міхася Панкова не зьвязана з палітычнай актыўнасьцю выпускніка юрфаку. Сьледчы распавёў, што акрамя Міхася ў "чорным сьпісе" ёсьць прозьвішчы васьмі маладых людзей, якія ўхіляюцца ад службы ў войску: "Я абсалютна не зьвязваю Міхаіла Панкова ні з якой палітыкай. Я абыякава стаўлюся да ягоных поглядаў на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. У вайсковым камітэце ёсьць асабовая справа кожнага прызыўніка, паводле якой прызыўнік мусіць прайсьці працэдуру прызыву, якая, апроч пункту пра вайсковы абавязак, складаецца з шматлікіх пунктаў".
14 красавіка стане вядома, якую меру стрыманьня абярэ сьледства - падпіска пра нявыезд ці арышт.
Аналагічная справа заведзена супраць актывіста незарэгістраванага моладзевага руху "Зубр" Мікіты Сасіма ў Баранавічах.