viasna on patreon

Гродзенскія ўлады не збіраюцца пераглядаць сваіх рашэнняў аб прыцягненні ад адміністратыўнай адказнасці шэрагу журналістаў, а прымененыя да іх карныя санкцыі лічаць правамоцнымі

2006 2006-04-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэта вынікае з лістоў, якія ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" атрымала з УУС Гродзенскага аблвыканкама і з адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна ў адказ на свой зварот з патрабаваннем апратэставаць судовыя пастановы, па якіх журналісты адбылі адміністратыўны арышт.

22 сакавіка БАЖ звярнуўся да пракурора Гродзенскай вобласці, а таксама начальнікаў упраўленняў і аддзелаў унутраных спраў Гродзенскай вобласці і раёнаў г. Гродна ў сувязі са шматлікімі затрыманнямі журналістаў у іх рэгіёне: у прыватнасці, Андрэя Пачобута, Анджэя Пісальніка, Ігара Банцара, Аляксея Радса і Андрэя Шантаровіча. Арганізацыя запатрабавала, каб пракурор апратэставаў судовыя пастановы, па якіх шэраг журналістаў асудзілі на адміністратыўны арышт, а таксама каб міліцыя правяла службовыя расследаванні дзеянняў падначаленых ім работнікаў.
У лісце ад 06.04.2006, які прыйшоў на БАЖ з УУС Гродзенскага аблвыканкама, паведамляецца, што па звароце праведзена праверка. У выніку яе ўстаноўлена, што судовыя рашэнні па згаданых журналістах прымалі суды Ленінскага і Ваўкавыскага раёнаў, а таксама што "іх пастановы аб прымяненні адміністратыўных спагнанняў з'яўляюцца канчатковымі і абскарджанню ў парадку вытворчасці па справах аб адміністратыўных правапарушэннях не падлягаюць".
Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна таксама правёў праверку па звароце, пад час якой устанавіў, "што ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі парушэнняў заканадаўства пры затрыманні і складанні адміністратыўных пратаколаў... не выяўлена". "Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі правамоцнымі і заснаванымі выключна на прынцыпах дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь", - гаворыцца ў пасланні, датаваным 03.04.2006.
Нагадаем: 13 сакавіка ў Мінску затрымалі галоўнага рэдактара часопіса "Magazyn Polski" ў эміграцыі" Андрэя Пачобута. На наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак арышту, інкрымінаваўшы дробнае хуліганства. На наступны дзень ў Гродна затрымалі яго калегу, рэдактара "Glos znad Niemna na uchodzstwie" Анджэя Пісальніка. 15 сакавіка яго асудзілі на 5 сутак арышту па аналагічным звінавачанні. У дзень выхаду на волю - 20 сакавіка - яго зноў затрымалі, а на наступны дзень асудзілі на 12 сутак. 20 сакавіка разам з А. Пісальнікам у Гродна затрымалі таксама Аляксея Радса (адміністратара сайту forum.grodno.net) і Ігара Банцара ("Glos znad Niemna na uchodzstwie"). Абодвух асудзілі на 10 сутак. 17 сакавіка міліцыя затрымала ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) галоўнага рэдактара "Местной газеты" Андрэя Шантаровіча, а ў Мінску - пазаштатнага карэспандэнта "Салідарнасці" Івана Романа. 19 сакавіка сп-ра Шантаровіча асудзілі за дробнае хуліганства на трое сутак. Івана Романа судзілі 20 сакавіка і далі штраф 2 базавыя велічыні. Паўторна журналіста затрымалі 23 сакавіка і ў той жа дзень асудзілі на 13 сутак нібыта за хуліганства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства