“Адвакат сказаў, што Павел здаровы і добра выглядае”
З Паўлам Севярынцам сустрэўся адвакат Вадзім Мушынскі.
Для палітвязня гэта другая сустрэча з адвакатам за час зняволення: 29 снежня з Паўлам Севярынцам сустракаўся Павел Сапелка, пазней адхілены ад адвакацкай дзейнасці.
Тацяна Севярынец, маці зняволенага палітыка, пакуль не распавядае падрабязнасцяў:
“Адвакат сказаў, што Павал здаровы і добра выглядае! Для мяне гэта – галоўнае, бо я не бачылася з сынам ад 19 снежня! Такі вось атрымаўся нам падарунак да Дня Волі!”
Спадарыня Тацяна паведамілі таксама, што 25 сакавіка атрымала ліст падтрымкі з Братыславы, адрасаваны ўсёй сям’і палітвязня. Аўтар ліста Мікулаш Дзурында, міністр замежных справаў Славакіі, выказаў падтрымку Паўлу Севярынцу і ягоным бацькам, а таксама даслаў фотаздымак з акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якая адбылася ў Братыславе 2 сакавіка.
“Праваабарончая хроніка”