У Брэсце збіраюць подпісы, каб дазволілі канцэрта Вайцюшкевіча
У Брэсце арганізаваны збор подпісаў пад зваротам да міністра культуры Паўла Латушкі дазволіць канцэрт Змітра Вайцюшкевіча.
«У лісце гаворыцца, што адменай канцэрту парушана нашае права на ўдзел у культурным жыцці, якое дэкларуе артыкул 51 Канстытуцыі Беларусі. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцяў айчыннай і сусветнай культуры», — заявіла арганізатар акцыі Іна Хоміч.
Тэкст звароту да Латушкі змешчаны на сайце агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». «Усе, хто падтрымлівае дадзеную ініцыятыву, могуць збіраць подпісы пад гэтым лістом і затым прынесці іх у офіс «Дзедзіча «, — дадала Хоміч.
Канцэрт Вайцюшкевіча быў запланаваны на 18 сакавіка ў Брэсцкім тэатры лялек.
11 сакавіка арганізатару канцэрта Дзмітрыю Назараву дырэктар тэатра заявіў, што канцэрт трэба адмяніць.
У сакавіку ў шэрагу гарадоў Беларусі былі скасаваныя канцэрты гуртоў «Ляпіс Трубяцкой», «Нейра Дзюбель» і «Крамбамбуля».
Усе гэтыя музыкі ўключаны ў так званы «чорны спіс» беларускіх і замежных дзеячаў культуры і мастацтва, пра якіх забаронена згадваць у афіцыйных беларускіх СМІ.
У прыёмнай міністра культуры заявілі, што не ведаюць пра існаванне падобнага спісу і назвалі яго плёткай.
У Міністэрстве інфармацыі таксама заявілі, што не маюць ніякага дачынення да складання «чорных спісаў».