Незалежная газета "Наша Ніва" атрымала ліст ад Менскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што "размещение газеты "Наша Ніва" в городе Минске является нецелесообразным".
Матывацыя: "установлено, что 22 марта главный редактор газеты "Наша Ніва" подвергнут административному аресту сроком на 10 суток". Варта нагадаць, што рэдактар быў затрыманы 21 сакавіка, у часе пасьлявыбарчх пратэстаў, на выхадзе з аўтобуса 100-га маршруту на Кастрычніцкай плошчы, а пасьля асуджаны па абвінавачваньні ў "нецэнзурнай лаянцы". Улады спрабуюць самкнуць апошняе зьвяно ў ланцужку здушэньня "Нашай Нівы".
З 1 студзеня газэту пад рознымі прэтэкстамі спынілі распаўсюджваць манапалісты "Белсаюздрук", "Менгарсаюздрук", "Менаблсаюздрук", а "Белпошта" выключыла газэты з падпіснога каталёгу. 10 красавіка пасьля доўгае зацяжкі Міністэрства сувязі адмовіла "Нашай Ніве" ў яе просьбе на атрыманьне ліцэнзіі на самастойнае правядзеньне падпіскі. Тым самым днём датуецца і ліст зь Менскага гарвыканкаму за подпісам намесьніка старшыні М.Ціцянкова, падрыхтаваны ідэалягічным аддзелам гарвыканкаму. Ён азначае забарону на існаваньне прадпрыемства "Наша Ніва".
Рэдакцыя газэты звярнулася да чытачоў са зваротам:
"Нашу Ніву" цынічна зачыняюць напярэдадні яе 100-годзьдзя. У 1915 годзе першая "НН" зачынілася пасьля акупацыі Вільні кайзэраўскімі войскамі. У 2006 годзе тое самае ажыцьцяўляе лукашэнкаўская адміністрацыя.
Раней улады імкнуліся захоўваць бачнасьць юрыдычнай працэдуры. Газэты спынялі ці перапынялі існаваньне па рашэньнях судоў і Міністэрства інфармацыі. Цяпер досыць простага рашэньня "ідэалягічнага аддзелу". Зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэта абсурд. Закон аб друку не прадугледжвае ніякіх дазволаў на разьмяшчэньне газэты ні ад якіх ідэалягічных аддзелаў. І тым больш дзейнасьць прадпрыемства ніяк ня можа залежаць ад адміністрацыйнага пакараньня яго кіраўніка.
"Наша Ніва" нідзе не парушала закону. Паказальна, што за апошнія чатыры гады газэта ня мела нават папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі.
Зачыняюць першую беларускую газэту, знак беларускае самабытнасьці.
Зачыняюць апошнюю незалежную газэту, якая выходзіла цалкам на беларускай мове.
Замах на "Нашу Ніву" — сымбалічны пачатак трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.
Зачынены апошні беларускамоўны ліцэй. Беларускамоўным рок-гуртам забаронены доступ да эфіру. Распачалі працэдуру ліквідацыі Саюзу пісьменьнікаў. Забароненыя дзясяткі газэтаў, забаронена ствараць прыватнае радыё і ТВ на беларускай мове. Вынішчэньне ўсіх культурных альтэрнатываў узьведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі, грамадзянам навязваецца аднавымерная савецкая ідэнтычнасьць. Гаворка сёньня ідзе ўжо не пра ўратаваньне адной "Нашай Нівы", ці незалежнай прэсы. Мусім ратаваць беларускую культурную ідэнтычнасьць як такую.
Не павінна ў Эўропе ХХІ стагодзьдзя зьнікаць векавая культурная традыцыя цэлага народу.
У такой сытуацыі просім Міністэрства культуры Літвы хадайнічаць перад ЮНЭСКА пра ўнясеньне газэты "Наша Ніва" ў "Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва". Літва мае маральнае права на гэта, бо "Наша Ніва" ў 1906—1915, 1991—1996 выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю — добрая для таго нагода. Мы просім урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКА. Гэты сымбалічны крок — можа быць, апошняе, што сьвет можа зрабіць для беларускай прэсы.
Зьвяртаем таксама да сусьветнай супольнасьці просьбу пра неадкладнае ўзмацненьне падтрымкі ўсіх незалежных беларускіх СМІ, якія існуюць.
Зьвяртаемся да чытачоў з просьбай пра вытрымку і аптымізм.
Працэс абскарджваньня і іншыя працэдуры могуць доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Нягледзячы на такі падвешаны стан, газэта будзе выходзіць у цяперашнім фармаце, дакуль існуе такая магчымасьць. Спрагназаваць, як доўга яшчэ гэта будзе, немагчыма. Напрыклад, мы ня ведаем, ці будзе друкарня працягваць друкаваць газэту. Пасьля будзе нешта іншае.
Найперш, Інтэрнэт. Нават ліквідацыя прадпрыемства "Наша Ніва" не ліквідуе інтэрнэт-сайту газэты.
Для захаваньня нацыянальнай культурнай традыцыі важна захаваць газэту на паперы.
Раз у Беларусі выхад "Нашай Нівы" "немэтазгодны", лягічна было б разгледзець пытаньне аб пераносе выданьня за мяжу. Аднак пры такіх варыянтах ўзьнікаюць складаныя юрыдычныя і фінансавыя калізіі. "Наша Ніва" ў сытуацыі забароны на распаўсюд выдаецца пераважна за кошт ахвяраваньняў ад прыватных асобаў. Мы атрымалі іх каля 4000 ад пачатку году, з розных куткоў Беларусі. Між тым пры ліквідацыі прадпрыемства, нават пасьля рэгістрацыі газэты "Наша Ніва" за мяжой няма простага шляху пераказу ахвяраваньняў на выхад газэты. Пакуль газэта выходзіць у звычайным парадку, калі ласка, працягвайце пераказваць ахвяраваньні — хіба, меншымі порцыямі. Пасьля будзем шукаць выйсьце па сытуацыі.
Варта нагадаць, што нават пры ліквідацыі прадпрыемства грошы з рахунку газэты не губляюцца, а выкарыстоўваюцца на статутныя мэты.
"Нашу Ніву" зачыняюць, але "Наша Ніва" мусіць захавацца. Як выданьне, чытанае тысячамі людзей, як нацыянальны сымбаль".