viasna on patreon

Уладзімір Няпомняшчых скардзіцца ў абласны суд на затрыманне ў Дзень Волі

2011 2011-03-29T15:37:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

Каля 6 гадзін раніцы 25 сакавіка, у Дзень волі, актывіст апазіцыі з Гомеля Уладзімір Няпомняшчых быў затрыманы супрацоўнікамі спецназу на прыпынку грамадскага транспарту. Актывіст накіроўваўся ў Мінск, каб прыняць удзел у акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Яго звыкла абвінавацілі ў бруднай лаянцы, суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес рашэнне пакараць Няпомняшчых арыштам тэрмінам на двое сутак.

У скарзе ў абласны суд грамадзянін даводзіць, што ён не парушаў грамадскі парадак і рашэнне аб прыцягненні яго да адміністратыўнага арышту было незаконным.

Заяўнік звяртае ўвагу, што пры складанні адміністратыўнага пратаколу яму не патлумачылі правы і абавязкі, а на рукі выдалі практычна незапоўненую копію пратаколу. Суд адмовіўся даць прававую ацэнку гэтаму юрыдычнаму факту, чым дапусціў парушэнне Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

Пры разглядзе справы суд адмовіў у заяўленым хадайніцтве аб выкліку сведкі, які даў паказанні супраць Няпомняшчых.

 «Ужо пасля адбыцця пакарання ў ІЧУ я асабіста сустрэўся з гэтым грамадзянінам, і ён у прыватнай гутарцы патлумачыў мне, што месяц таму выйшаў з месцаў пазбаўлення волі за крадзёж. З яго слоў, участковы пад пагрозамі прымусіў яго даць ілжывыя паказанні супраць мяне», - піша ў скарзе актывіст. Ён лічыць, што суд пазбавіў яго права прадставіць доказы сваёй невінаватасці, калі адмовіў яму выклікаць сведку ў суд, чым парушыў ПВК аб адміністратыўных правапарушэннях.

Няпомняшчых давёў да ўвагі абласнога суда, што суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіў яму ў прызначэнні правядзення псіхіятрычнай экспертызы, якую патрабаваў актывіст.

«Хіба магчыма, каб нармальны чалавек, прыстойна апрануты, з багажом і з квітком на цягнік, раптам пачаў беспадстаўна крычаць на вуліцы, размахваць рукамі і брудна лаяцца? Таму я прасіў прызначыць мне псіхіятрычную экспертызу», - патлумачыў актывіст.

Але суд адмовіў у накіраванні на экспертызу. Няпомняшчых лічыць, што такім чынам суд парушыў яго гарантаванае права. 

Ён таксама звяртае ўвагу, што быў затрыманы на прыпынку «8 сакавіка», у той час як па матэрыялах справы яго затрымалі на прыпынку «БелДУТ». Дадзеная неадпаведнасць месца затрымання засталася без юрыдычнай адзнакі з боку суда.

Няпомняшчых патрабуе праверыць законнасць рашэння суда Чыгуначнага раёна Гомеля і спыніць справу аб прыцягненні яго да адміністратыўнай адказнасці.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства