Класкоўскі азнаёміўся са сваёй справай
Аляксандр Класкоўскі-малодшы разам з
адвакатам Ірынай Бурак завяршылі знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы. У
бліжэйшыя тыдні два крымінальная справа можа паступіць у суд. Пра гэта
"Беларускаму партызану" паведаміў бацька абвінавачанага, журналіст Аляксандр
Класкоўскі.
"Відаць, мой
зварот да Генэральнага пракурора адыграў сваю ролю, таму што адвакату
дазволілі бесьперашкодна сустракацца з маім сынам – колькі трэба. Але ілюзій
сын ня мае. Абвінавачваньне сфармулявана, сын абвінавачваецца па трох артыкулах
Крымінальнага кодэксу. Сын маральна гатовы да найгоршага варыянту, да самага
жорсткага прысуду. Думаю, гэта пасланьне і ўсім сілавым структурам, людзям у
пагонах: калі лейтэнант міліцыі – хай сабе і былы – выходзіць на плошчу, мала
яму ня здасца. Гэта мэсыдж ўсім сілавым структурам ", – мяркуе Аляксандр
Класкоўскі-бацька.
На працягу двух тыдняў, лічыць журналіст, крымінальная справа можа патрапіць у
суд. Улічваючы тую акалічнасьць, што заканчваецца азнаямленьне з крымінальнымі
справамі Мікалая Статкевіча, Зьмітра Вуса, то "сын можа апынуцца ў клетцы
адначасова зь іншымі фігурантамі".
"На цуд спадзявацца не даводзіцца", – падкрэсьліў Аляксандр
Класкоўскі.
25 сакавіка адвакат Ірына Бурак накіравала хадайніцтва аб зьмене меры
ўстрыманьня Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму і выказала нязгоду зь некаторымі
пунктамі абвінавачваньня.
"Думаю, у адносінах да сына можа ўжывацца прынцып "калектыўнай віны
". Калі ўжо гучаць фармулёўкі "бясчынствуюшчы натоўп, які дзейнічае
як адзінае цэлае ", – на кожнага абвінавачанага можна павесіць і ледасек,
і 5 кустоў ядлоўца (казацкага), і 8 мэтраў труб. Ноў-хаў беларускага
правасудзьдзя – прынцып калектыўнай віны, калі на кожнага абвінавачанага можна
павесіць усе гэтыя кусты і трубы, не абцяжарваючы сябе доказам віны, – будзе
ужыты і ў адносінах да сына ", – заявіў А. Класкоўскі.
Класкоўскі-малодшы Аляксандр – былы супрацоўнік міліцыі. Знаходзіцца пад вартай
у СІЗА КДБ. Прад’яўленае абвінавачваньне па чч.1 і 2 арт.293, таксама ў абразе
прадстаўніка ўлады (ст.369 КК) і ў самавольным прысваеньні званьня ці ўлады
службовай асобы (ст.382 КК). Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня ў сябе дома.