Някляеў, Саннікаў, Рымашэўскі пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы
Адразу некалькі экс-кандыдатаў у прэзідэнты — Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Віталь Рымашэўскі — пачалі знаёміцца з матэрыяламі распачатых у дачыненні да іх крымінальных спраў.
Як паведаміў БелаПАН адвакат Някляева Уладзімір Букштынаў, матэрыялы крымінальнай справы яго падабароннага налічваюць каля 30 тамоў.
Таксама 2 красавіка пачаў знаёміцца з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы Аляксандр Фядута, давераная асоба Уладзіміра Няклява.
30 сакавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама прад'явіла Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазняку, Андрэю Дзмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Анастасіі Палажанцы новае абвінавачанне — на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Максімальная санкцыя гэтага артыкула — тры гады пазбаўлення волі, у той час як раней ім пагражала турэмнае зняволенне на тэрмін да 15 гадоў па артыкуле 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках).
Някляеў, нагадаем, зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам. З 20 снежня па 29 студзеня ён утрымліваўся ў СІЗА КДБ.
Саннікаў дагэтуль утрымліваецца ў СІЗА КДБ. У адрозненне ад вышэйпералічаных палітыкаў, ён застаецца абвінавачваным на падставе артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі (масавыя беспарадкі), які прадугледжвае да 15 гадоў зняволення.