Адвакат упершыню з 29 снежня наведала Сяргея Марцалева
Адвакат наведала ў следчым ізалятары КДБ аднаго з абвінавачваемых па справе аб масавых непарадках 19 снежня 2010 году Сяргея Марцалева. Сустрэча з адвакатам адбылася ўпершыню з 29 снежня 2010 году.
Ён быў кіраўніком штабу кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Па словах жонкі Стакевіча Марыны Адамовіч, сітуацыя вакол Марцалева выклікала вялікую трывогу з-за амаль поўнай адсутнасці звестак аб ім на працягу трох месяцаў.
- Упершыню з моманту прад'яўлення абвінавачвання ў Сяргея Марцалева пабывала адвакат. Яе запрасілі для правядзення следчых дзеянняў. Стан Сяргея і сітуацыя з ім набольш выклікала трывогу, бо ні толькі не бачыў яго ніхто з волі, але і лісты ад Сяргея на волю не даходзілі. Толькі тры лісты за ўвесь тэрмін атрымала яго бабуля. Ніхто з сяброў і паплечнікаў не атрымоўваў ад яго ніякіх вестак. Са слоў адваката, Сяргей выглядае добра, упэўнены ў сябе, ён не зламаны.
Па словах Марыны Адамовіч, адвакат не выключае, што 4 красавіка, у панядзелак, Сяргею Марцалеву будзе прад’яўлена абвінавачванне.