18 красавіка Віцебскі абласны суд спыніў дзейнасьць грамадзкага аб'яднаньня "Прыватныя ініцыятывы"
Па зьвестках прэс-службы Асамблеі НДА, недзяржаўная арганізацыя ліквідаваная на пазоў ўпраўленьня юстыцыі абласнога выканкаму. Мэханізм юрыдычнага закрыцьця грамадзкіх арганізацыяў ужо адпрацаваны: пазбаўленьне памяшканьня, што цягне за сабою страту юрыдычнага адрасу, якое чыноўнікі афармляюць як "сістэматычныя і грубыя парушэньні ў сваёй дзейнасьці".
Гэтак і ў гэтым выпадку: ЖРЭТ Першамайскага раёну Віцебску адмовіўся працягнуць дамову на арэнду офіса, што скончылася летам 2005 года. Кіраўнік НДА Сяргей Шэлегаў паведаміў суду, што ўвосень ён неаднаразова спрабаваў знайсьці кампраміс і са ЖРЭТам, і з гарадзкімі ўладамі па праблеме юрыдычнага адраса. У прыватнасьці, ён двойчы зьвяртаўся ў гарвыканкам, каб выправіць сытуацыю. Аднак мясцовыя чыноўнікі не дазволілі "Прыватным ініцыятывам" далей арэндаваць памяшканьне. Яны пісьмова паведамілі пра сваё рашэньне толькі напрыканцы сьнежня. Амаль адразу ж пасьля гэтага адрэагавала ўпраўленьне юстыцыі аблвыканкама, выдаўшы папярэджаньне "Прыватным ініцыятывам". У ім выканкамаўскія юрысты прапанавалі НДА прыняць захады па ліквідацыі парушэньня да 17 студзеня 2006 года.
Аднак, спробы знайсьці "прапіску" для "Прыватных ініцыятываў" былі безвыніковымі. "Нам або адмаўлялі ў памяшканьні, або прапаноўвалі занадта высокія кошты арэнды", - паведаміў Сяргей Шэлегаў.
У выніку адна са старэйшых дэмакратычных арганізацый Віцебска пазбавілася юрыдычнага статусу. Да таго ж НДА павінна выплаціць судовыя выдаткі парадку 150 тысяч рублёў.