viasna on patreon

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец лічыць, што адмова "Нашай ніве" ў размяшчэньні - гэта замах на свабоду слова

2006 2006-04-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"З прававога гледзішча ацэньваць гэтае рашэнне немагчыма з прычыны яго відавочнай недарэчнасці", - так пракаментаваў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец рашэнне ідэалагічнага аддзелу Мінгарвыканкама адмовіць рэдакцыі газеты "Наша ніва" ў праве знаходзіцца на тэрыторыі сталіцы. "Суб'екту гаспадарання адмаўляюць у размяшчэнні на тэрыторыі Мінска на той падставе, што рэдкатар - фізічная асоба - прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. Я лічу, што права выканаўчых і распарадчых органаў дазваляць ці не дазваляць размяшчэнне рэдакцыі СМІ на тэрыторыі адміністратыўнай адзінкі ў тым выглядзе, у якім яно рэалізуецца на практыцы, супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і замахваецца на свабоду слова і свабоду СМІ", - заявіў А. Бастунец.
Галоўны рэдактар выдання Андрэй Дынько заяўляе, што газета будзе выдавацца "да апошняга". "Мы павінныя выкарыстаць гэтае глупства ўладаў, каб прадэманстраваць палітычны падмурак іх рашэння", - перакананы ён. "Мы павінныя паказаць, што ніякай лібералізацыі пасля выбараў не адбылося. Больш таго: ідзе барацьба не толькі з незалежнай прэсай, але і з нацыянальнай культурай. "Наша ніва" - гэта апошняя цалкам беларускамоўная газета", - падкрэсліў галоўны рэдактар.

Нагадаем, што ліст з ідэалагічнага аддзелу Мінгарвыканкаму датаваны 10-м красавіка. У той жа дзень Міністэрства сувязі РБ адмовіла "Нашай Ніве" ў атрыманні ліцэнзіі на самастойнае правядзенне падпіскі "из-за невозможности заявителем осуществлять деятельность по приёму подписки на газету "Наша ніва" и её доставку подписчикам в соответствии с предъявляемыми требованиями". У сувязі з гэтым рэдакцыя звярнулася да чытачоў і да міжнароднай грамадскасці з адкрытым лістом. У ім, у прыватнасці, утрымліваецца зварот да Міністэрства культуры Літвы, урадаў замежных краін і міжнародных арганізацый хадайнічаць перад ЮНЭСКА аб унясенні газеты "Наша ніва" ў "Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва". Рэдакцыя заклікала міжнародную супольнасць неадкладна ўзмацніць падтрымку ўсіх незалежных беларускіх СМІ, а чытачоў папрасіла аб вытрымцы і аптымізме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства