Працягваюцца акцыі салідарнасці ля Чырвонага касцёла
За акцыямі каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці ў Мінску штодзённа назіраюць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, нягледзячы на гэта кожны вечар ускласці кветкі, запаліць свечкі і разгарнуць партрэты вязняў турмы КДБ прыходзяць дзесяткі неабыякавых людзей.
Родныя арыштаваных звычайна ўдзельнічаюць у мерапрыемстве разгарнуўшы бел-чырвона-белыя шалікі і парасоны, спяваюць рэлігійныя гімны. Да акцыі часцяком далучаюцца і выпадковыя наведнікі плошчы ды гандлёвага цэнтра “Сталіца”.
Па словах адказнага сакратара аргкамітэту Партыі БХД Дзяніса Садоўскага, удзел у акцыі салідарнасці для многіх людзей стаў ужо абавязковай традыцыяй.
-- Акцыі салідарнасці адбываюцца штодня. Праводзяцца малітвы. Удзельнічаюць у іх каля 40 чалавек: гэта як родныя палітвязняў, так і простыя людзі салідарныя з тымі, хто церпіць пераслед у турмах. Таксама да акцыі далучылася малітоўная касцёльная група, якая моліцца за касцёл св. Язэпа, яны прымаюць удзел і ў малітвах салідарнасці ля Чырвонага касцёла.
Першае падобнае мерапрыемства адбылося ў Мінску 19 студзеня – праз месяц пасля разгону Плошчы. На пачатку супрацоўнікі міліцыі ставіліся да актывістаў вельмі нервова, а адзін з іх – Валер Сядоў – адбыў нават адміністрацыйны арышт за тое, што публічна разгарнуў партрэт Мікалая Статкевіча.