Сьледчы Санько ня лічыць мэтазгоднай сустрэчу Паўла Севярынца са сьвятаром
Сьледчы Іван Іванавіч Санько ў чарговы раз адмовіў у сустрэчы зьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца са сьвятаром. Просьбу аб гэтым яшчэ 30 сакавіка падавала маці палітзняволенага, віцебская каардынатарка аргкамітэту Таццяна Севярынец, якая й даведалася пра адмову.
"Заяву я падавала на падставе артыкулу 10, пункту 102 правілаў унутранага распарадку СІЗА КДБ, паводле якіх зьняволены мае права на візыт сьвятара. Сьледчы Санько ж заявіў, што сустрэча не мэтазгодная. Ён сказаў, што у правілах прапісанае права сьледчага дазволіць сустрэчу, але не абавязак. У першы раз ён заявіў, што гэта не ў яго кампэтэнцыі. Зразумеўшы, што я трошкі разьбіраюся ў законах, сказаў, што ён мае права не дазволіць сустрэчу. Я лічу гэта амаральным зьдзекам у дачыненьні да ўсіх зьняволеных, і перадусім у дачыненьні Паўла", - паведаміла Тацьцяна Севярынец.
"У сваім лісьце ад 28 сакавіка Павал пісаў, што лістуецца са сьледчым пра сустрэчу са сьвятаром, 30 сакавіка прадстаўнік пракуратуры Анатоль Якаўлевіч Пусташыла заявіў, што гэтае пытаньне вось-вось вырашыцца. І гэтая заява сьледчага выклікае абурэньне. Гэта элемэнт псыхалягічнага ціску на Паўла, на родных. Правы вязьняў застаюцца толькі на паперы, паколькі сьледчыя выкарыстоўваюць шчыліны ў законах на сваю карысьць", -- адзначыла маці сустаршыні БХД.
Таццяна Севярынец паведаміла, што працягне змагацца за магчымасьць для свайго сына сустрэцца са сьвятаром. Наступным крокам у барацьбе можа стаць зварот да Патрыярха Кірыла.