viasna on patreon

Свабода асацыяцый па-салігорску

2011 2011-04-06T13:15:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/saligorsk-piket-stadaen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На працягу двух гадоў работніцы салігорскага швейнага прадпрыемства СТАА “Дэльта стыль” спрабавалі рэалізаваць сваё права на свабоду асацыяцый і зарэгістраваць першасную структуру Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) на фабрыцы. Праз перашкоды з боку кіраўніцтва прадпрыемства ды мясцовай “вертыкалі” швачкі ў пошуках праўды вымушаны былі дайсці да Вярхоўнага Суда, а само СТАА “Дэльта стыль” і ўвогуле было ўрэшце ліквідавана.
Фактычна першасная арганізацыя БНП была створана на фабрыцы яшчэ ў траўні 2009 годзу і налічвала больш за сто чалавек, што складала амаль палову работнікаў. Але ж спробы атрымаць афіцыйную рэгістрацыю зацягнуліся. Работніцы фабрыкі патрапілі ў замкнёнае кола, калі кіраўніцтва “Дэльта Стыль” на працягу шасці месяцаў адмаўлялася прадставіць пяршоўцы юрыдычны адрас для рэгістрацыі і адначасова адмаўлялася прызнаваць суполку Незалежнага прафсаюза без афіцыйнага статусу. Не паўплывалі на сітуацыю і далейшыя звароты ў разнастайныя інстанцыі - ад Салігорскай пракуратуры да Адміністрацыі прэзідэнта.
Летам 2010 года актыў БНП здолеў самастойна знайсці памяшканне для офісу і юрыдычны адрас, аднак рэгістрацыю суполкі Незалежнага прафсаюза на фабрыцы пачалі сабатаваць мясцовыя ўлады. З таго часу прафсаюзныя актывісты ажыццявілі ажно чатыры спробы па  рэгістрацыі пяршоўкі ў Салігорскім выканкаме, зладзіўшы чатыры ўстаноўчых сходы. Акрамя беспадстаўных адмоваў у рэгістрацыі, наймальнік і мясцовая “вертыкаль” пачалі наўпроставы ціск на работніц фабрыкі, якія вырашылі далучыцца да Незалежнага прафсаюза. Пад прэсінгам адміністрацыі і ўладаў каля 30 членаў Беларускага незалежнага прафсаюза выйшлі з арганізацыі, а старшыня Салігорскай рэгіянальнай арганізацыі БНП Наталля Міхнюкевіч патрапіла пад міліцэйскі і судовы пераслед ды была аштрафаваная. Да гонару жанчын, усе яны пазней вярнуліся ў прафсаюз і працягнулі барацьбу за свае правы.
У лістападзе мінулага года актывісты БНП правялі ў Салігорску пікет у падтрымку работніц швейнай фабрыкі. Пытанне пачало набываць агульнанацыянальны і нават міжнародны характар - аб салідарнай падтрымцы сяброў пяршоўкі БНП на СТАА “Дэльта стыль” заявілі Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, тэмай зацікавіліся вядучыя выданні Еўрасаюза, аб фактах парушэння правоў членаў прафсаюза была праінфармавана Міжнародная арганізацыя працы.
Нягледзячы на перашкоды з боку наймальніка і кіраўніцтва раёну, пяршоўцы БНП удалося дасягнуць пэўных перамог за гэтыя гады. Салігорскі суд двойчы станавіўся на бок работніц СТАА «Дэльта стыль» па ісках аб прымусе наймальніка да безнаяўнага пералічэння прафсаюзных складак БНП. Агулам было задаволена больш за паўсотні іскаў. Дырэкцыя фабрыкі абскарджваць перамогу прафсаюза не стала, аднак у справу ўмяшаўся пракурор Мінскай вобласці Аляксандр Архіпаў, які вынес пратэст на рашэнне суда Салігорскага раёна. Прэзідыум Мінскага абласнога суду задаволіў пратэст пракурора і ў выніку перамога прафсаюза абярнулася паразай.
Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Васіль Корабаў лічыць, што “беларускія ўлады з дапамогай наймальнікаў душаць любыя зародкі незалежнага прафсаюзнага руху, не дапускаюць нават найменшага прэцэдэнту стварэння новых структур”. Салігорскія праваабаронцы глядзяць на праблему шырэй і называюць гэта татальным парушэннем свабоды асацыяцый. Улады імкнуцца да татальнага кантролю і таму змагаюцца супраць любых незалежных аб’яднанняў грамадзян, якія ставяць за мэту абарону любых правоў чалавека.
Развязка сітуацыі аказалася надзвычай дзіўнай - у канцы сакавіка 2011 года СТАА “Дэльта стыль” было наўпрост зліквідавана нібыта з-за сваёй стратнасці, а работніцы фабрыкі былі пераведзены на ААТ “Купалінка”. Да такога фіналу ў прадстаўнікоў прафсаюзнага руху шмат пытанняў. Як сталася, што стратнае прадпрыемства ў канцы 2010 года актыўна падвышала заробак сваім работнікам? Як звязаны два нібыта самастойных прадпрыемствы СТАА “Дэльта стыль” і ААТ “Купалінка”? Але ж найбольшае пытанне ў Беларускага незалежнага прафсаюза выклікае чацвёртая забарона Салігорскага выканкаму на рэгістрацыю першаснай арганізацыі БНП на фабрыцы. Справа ў тым, што прычынай чарговай адмовы ў рэгістрацыі стала ліквідацыя прадпрыемства, якое на той момант афіцыйна яшчэ не было зліквідавана. Спадзеючыся адстаяць свае законныя правы, работніцы фабрыкі звярнуліся ў Вярхоўны суд Беларусі, таму кропку ў гэтай гісторыі ставіць зарана. Да таго ж у Беларускім незалежным прафсаюзе не выключаюць спробы стварэння сваёй першаснай арганізацыі цяпер ужо на ААТ “Купалінка”.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства