viasna on patreon

Як гомельскага псіхіятра спачатку пасадзілі, а потым — цалкам апраўдалі

2011 2011-04-06T13:53:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vysh_gasp_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тры гады следства, дзесятак судовых паседжанняў, некалькі дзесяткаў скарг ва ўсе інстанцыі, год і месяц у СІЗА — і нарэшце гомельскі ўрач-псіхіятр цалкам апраўданы. Гісторыя гэта пачалася летам 2008 года ў Гомелі. Нехта невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Прыязджалі выратавальнікі, міліцыя, але падпальшчык затрыманы не быў. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр Яўген Дзедушкін. Ён жыў побач з месцам здарэння, таму, здавалася б, нічога дзіўнага не было ў тым, што, ўбачыўшы зарава, малады чалавек апынуўся на месцы здарэння. Бяда яго была ў тым, што на момант пажараў ён быў выпіўшы, і міліцыя забрала маладога чалавека. Праз некалькі дзён у мясцовай прэсе прайшло паведамленне, што за падпалы затрыманы «псіхіятр-піраман». Кіраўніцтва абласной псіхіятрычнай бальніцы тэрмінова пазбавілася «злачынцы», звольніўшы Дзедушкіна з працы. «Фармальна падстава для звальнення была – я не быў на працы, таму што напярэдадні мяне збілі міліцыянеры за тыя ж падпалы, я кепка сябе адчуваў, не пайшоў на працу. Але неафіцыйна – пайшлі плёткі, публікацыі ў мясцовых СМІ, і гэта і было нагодай для звальнення. Хто хоча звязвацца з чалавекам, якога абвінавацілі ў злачынстве?» - распавёў Дзедушкін.

Пра гісторыю яго затрымання, час, праведзены ў СІЗА, і гісторыю апраўдання мы сёння гутарым з былым асуджаным.

 

СЛЕДСТВА. «Калі мяне затрымалі першы раз, то следчы адразу прапанаваў – ты, маўляў, прызнаешся ў здзейсненым злачынстве, а мы тае таксама дапаможам, не такі вялікі тэрмін дадзім, у СІЗА не будзем закрываць. Я, натуральна, адмовіўся. Бо быў невінаваты. Але і ў следства былі праблемы – фактычна не было ніякіх доказаў маёй віны, і таму маё прызнанне было вельмі важным для іх. Праз паўтары месяца ў следства з'явіўся сведка, які як быццам быў на месцы падпалаў, усе чуў, усе бачыў. Цікава, што гэты чалавек стаіць на ўліку ў міліцыі як правапарушальнік. Магчыма, на яго маглі аказаць ціск, і ён абгаварыў мяне. Натуральна, міліцыі трэба высокія паказчыкі раскрыцця злачынстваў, таму яны так упарта даказвалі маю віну. Затым следчы паставіў мяне перад выбарам – ці я заўтра прызнаюся ў здзяйсненні дадзенага злачынства, ці заўтра ж мяне зачыняць у СІЗА. Я адмовіўся, і таму заўтра добраахвотна прыйшоў з рэчамі – маўляў, зачыняйце. Так і зрабілі. Памятаю, мой адвакат, пагартаўшы крымінальную справу, сказаў следчаму: «Упэўнены, гэтага чалавека апраўдаюць. І хоць тут на месцы, у раённым судзе, вы, можа, і дамовіцеся, але справа пойдзе на Мінск, і Вярхоўны суд яе не прапусціць». Следчы заўважыў мне, што, маўляў, як бы твой адвакат не распінаўся, а сядзець табе прыйдзецца ўсе роўна».

Так і адбылося. У лютым 2009 года суд Навабеліцкага раёна прызнаў Дзедушкіна вінаватым у падпалах і адмераў яму 4 гады пазбаўлення волі. Хоць нават на судзе ні адзін сведка не пазнаў у былым урачы падпальшчыка, і аб'ектыўных доказаў яго віны не было прадстаўлена.

 

СІЗА. «Канечне, калі я трапіў у СІЗА, то ў мяне быў шок. Тым больш, што раней я не быў у такіх месцах. Напрыклад, першая камера, куды трапляе асуджаны – этапка. З яе ўжо потым размяркоўваюць каго куды. На 12 месцаў там сядзелі 25 чалавек, спалі па чарзе. Плюс у камеры і паляць, няма прыбіральні, мыцца водзяць раз на тыдзень. Нары – гэта такія жалезныя палосы, нацягнутыя каля сцяны, прычым прамежкі паміж тымі жалезнымі палосамі бываюць такія, што і праваліцца можа. Матрацы даюць. Там вата настолькі збітая, што прыходзіцца калашмаціць той матрац нагамі, як футбольны мяч, каб неяк разбіць тыя «камяні». Скажу дакладна, што блатныя паняткі, рамантыка, блатная іерархія – блатныя, ці апушчаныя – такога ў нашым СІЗА не было. Не ведаю, як на зоне – я там не быў. Блатных няма таму, мне тлумачылі, што ў нас вельмі распаўсюджана ўмоўна-датэрміновае вызваленне. То бок ты паводзіш сябе нармальна, ходзіш на працу (што нельга па «законах» рабіць блатным), і можаш выйсці ўмоўна-датэрмінова. Навошта тады каму «пальцы гнуць?»

У асноўным сядзець там звычайныя людзі, рабацягі. Хто каністру бензіну ўкраў, хто слоік тушонкі, курыцу. Сядзяць і карупцыянеры. Тыя кралі па мільярдах. Але парадокс – рабацягу за слоік тушонкі могуць даць і чатыры гады, а карупцыянеру за ўкрадзеныя мільярды – два гады. Шмат цікавых гісторый распавядалі мае сукамернікі. Напрыклад, украў адзін той няшчасны слоік тушонкі недзе на дачы. А сам ён – жабрак, туляўся недзе па зоне адсялення, начаваў па выселеных хатах. Ні сваякоў, нікога. Следчы кажа яму – маўляў, табе ўсе роўна сядзець, ці адзін эпізод, ці некалькі – тэрмін ад гэтага істотна не змяняецца. Вазьмі на сябе яшчэ колькі крадзяжоў. А я табе дапамагу – дам на СІЗА з сабой чаю, цыгарэт, паедзеш нармальна. Той, натуральна, пагадзіўся. Вось так і раскрываюць серыі злачынстваў».

Дзедушкін узгадвае, што супрацоўнікі адміністрацыі СІЗА няблага ставіліся да асуджаных, ды і на харчаванне нараканняў у былога вязня няма практычна. «З дому дазволеныя перадачы, ды і на СІЗА было, калі можна так сказаць, нармальнае харчаванне. Раніцай – гарбата і каша, у абед – суп, прычым абавязкова з мясам, і якая-небудзь каша, вечарам – бульба, селядзец, кісель. З голаду, здаецца, ніхто не паміраў. Праўда, калі захварэеш – то асабліва лячыць цябе ніхто не будзе. Быў такі ў нас прыклад. У аднаго вязня часалася цела. Ён паклікаў доктара. А доктар у камеру не заходзіць – праз «кармушку» глядзіць. Паглядзеў ён на рукі хворага і кажа: «Ты пазногці адрасці большыя, каб было зручней часацца». Вось такое лячэнне».

 

СУД. «На ўзроўні раённых судоў і абласнога складваецца такое ўражанне, што ўсе – адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго, усе адзін аднаго пакрываюць. Мяне ўсе-такі апраўдалі, і таму я не маю маральнага права казаць, што беларускае правасуддзе такое благое. Але на самой справе гэта страшна – спачатку мяне пасадзілі на чатыры гады за тое, што я не здзяйсняў, а потым – апраўдалі. Мне пашанцавала, што я трохі сам разбіраўся ў кодэксах, я меў адваката, які пісаў скаргі, мне дапамагала маці, і не сакрэт, што гэта ўсе – скаргі, адвакаты, каштуе немалых грошай. Добра, што ў нас яны былі. А што рабіць тым людзям, якіх «закаталі» сюды, але яны не маюць юрыдычнай граматы хоць якой, не маюць грошай, і такім чынам не могуць супрацьстаяць гэтай сістэме? Лічу, што мне не проста пашанцавала, а пашанцавала, што нехта у Вярхоўным судзе аб'ектыўна разглядзеў маю справу. Але зноў-такі – чаго гэта каштавала? Колькі часу, гадоў было страчана на ўсе гэтыя абскарджванні, грошай, у рэшце рэшт? Прычым, так як яшчэ раней мне змянілі прысуд на абмежаванне волі, то тэарэтычна за гэты час, пакуль былі амністыі, і мог я выйсці ўмоўна-датэрмінова, я быў бы ўжо і так на волі. Таму і ў іншых людзей так – навошта біцца галавой аб сцяну, калі цябе яшчэ апраўдаюць, дык хутчэй ты адсядзіш той тэрмін ды выйдзеш на волю».

24 сакавіка судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачванні. Між тым – паўстае пытанне: хто адкажа за тое, што нявінны чалавек больш за год правеў у СІЗА? Відавочна, што зараз трэба караць следчых, раённы суд.

А каму хочацца несці адказнасць? Таму сёння стала вядома, што пракуратура не пагадзілася з  прысудам абласнога суда, і падала пратэст.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства