Антыканстуцыйны пераварот – чарговая страшылка для беларускага грамадства
5 красавіка адказная асоба з Упраўленьня інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі паведаміла сродкам масавай інфармацыі пра тое, што следствам па справе аб масавых беспарадках “атрыманыя вычарпальныя доказы аб спробе змены Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія, па сутнасці, ставілі канчатковай мэтай ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту”.
На пытаньні, наколькі гэтае сцверджаньне абгрунтаванае і ці могуць быць ў звязку з падобнай заявай перакваліфікаваныя абвінавачваньні у дачыненні да так званых “вінаватых” па справе 19 сьнежня – адказвае віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі:
–Міністэства ўнутраных спраў фактычна абвінаваціла арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году ў тым, што яны рыхтавалі антыканстытуцыйны пераварот. Усё гэта мала зразумела і ўвогуле неверагодна, паколькі ўсе крымінальныя справы, якія дагэтуль разглядаліся, грунтаваліся на зусім іншых артыкулах крымінальнага кодэксу, якія ў сваю чаргу таксама выклікаюць у праваабаронцаў шматлікія пытаньні. Асабліва артыкул 293 ( удзел у масавых беспарадках). Наяўнасьць так званых масавых беспарадкаў не была абгрунтавана пацьверджана ні на водным з прайшоўшых па гэтай справе судоў. Гэтага не прызнаюць ні абвінавачваныя, ні сьведкі (нават міліцыянты!). Адвакаты пастаянна і прынцыпова аспрэчваюць такую кваліфікацыю дзеяньняў удзельнікаў мітынгу. З матэрыялаў судоў бачна, што 293 артыкул, які гучыць сёньня ў судах – гэта поўная фікцыя, паколькі не было ні падпалаў, ні пагромаў, ні арганізаванага масавага супраціву. Прыцягнутыя за вушы “масавыя беспарадкі” ўрэшце былі перакваліфікаваныя для некаторых абвінавачаных на іншы артыкул.
Гэта была мірная акцыя, і на гэтым фоне яшчэ больш цынічна гучыць абвінавачваньне ў спробе змены канстытуцыйнага ладу.
З боку міністра ўнутраных спраў у чарговы раз прагучала непрафесійнае, папулісцкае выказваньне, якое скіраванае на застрашэньне беларускага грамадства. Мэта, якую з самага пачатку ставілі перад сабой сілавыя структуры пад час разгону мірнай акцыі, непрапарцыйна ўжыўшы гвалт і катаваньні да дэманстрантаў, – зьбіць грамадскую актыўнасьць. Мне падаецца, міліцэйскае начальства хоча прыкрыць садысцкія дзеяньні сваіх падначаленых падчас разгону акцыі, а таксама пасьля, у дачыненні да затрыманых, новымі страшылкамі. Людзі атрымалі шматлікія пашкоджаньні, былі пераламаныя рукі, ногі, разбітыя галовы, выбітыя зубы. Аднак пракуратура не знайшла вінаватых у гэтых злачынствах, прыкрываючы супрацоўнікаў міліцыі. Тут міністру ўнутраных спраў неабходна было б правесьці адмысловае расьследваньне у дачыненьні да сваіх службоўцаў, а не выслужвацца, прыдумляючы новыя страшылкі.
Відавочна, што гэтая заява МУС мае палітычны падтэкст і вельмі кепска, што МУС у грубай форме, з дубінкамі і гвалтам, падаўляе грамадскую актыўнасць. Між тым пытаньні пра фальсіфікацыю выбараў і безтэрміновае 16-гадовае праўленьне Аляксандра Лукашэнкі ў грамадзянаў Беларусі застаюцца.