Эдуарда Лобава адпраўляюць ў "Воўчыя норы"
7 красавіка, актывіста "Маладога
фронту" Эдуарда Лобава адправяць адбываць пакараньне ў 22-ую калёнію
узмоцненага рэжыму пад Івацэвічамі.
Напярэдадні ў ізалятары на вуліцы Валадарскага Марыне Лобавай паведамілі, што
яе сына Эдуарда раніцай 7 красавіка адправяць па турэмнаму этапу ў Івацэвічы, у
22-ую калёнію ўзмоцненага рэжыму ў пасёлку Воўчыя норы.
5 красавіка Марына Лобава сустракалася з сынам на Валадарцы.
"Была зь ім на спатканьні ўчора. Ён
ужо агаліў галаву, бо ў камэры у двух вязьняў знайшлі вошы. Дык ён спалохаўся,
як бы да яго не перабраліся. Дым болей што ўсё раўно ў лягеры падстрыгуць, але
тупымі нажніцамі. Гатовы да адпраўкі, але тады яшчэ ня ведаў дакладна, калі.
Настой у яго баявы, як звычайна. Ліхавіду прасіў перадаць, каб ён ні ў якім
разе не галадаваў, што рэжыму гэта ўсё роўна, а трэба захаваць сілы, каб далей
змагацца. Шмат пытаўся пра палітычныя навіны, яго гэта вельмі турбуе".
Карэспандэнт: "Ці што казаў пра Зьмітра Дашкевіча?"
"Ён – не. Але я сёньня пыталася пра яго таксама, але пакуль не прызначаны
дзень, калі яго адправяць і таму не кажуць і адносна калёніі, куды яму
прызначылі. Эдуард вельмі моцна кашляе. Тыдзень таму гэтак яшчэ не было. Я ужо
пачала хвалявацца, каб толькі на сухоты не захварэў. Кажа, як выходзіш з камэры
на сьвежае паветра ці вяртаесься, дык кашаль узмацняецца. Можа, з-за таго, што
там шмат паляць. У камэры мусіць быць 24 чалавекі, а было 50, зараз крыху
паменела. Спаць даводзіцца на гамаках – нацягваюць вяроўкі і на іх кладуць матрацы,
бо ўсім месцаў не хапае."
Марына Лобава нагадала, што сын з адвакатам падалі касацыйную скаргу на прысуд.
"Будзе, відаць, як з Атрошчанкавым. З такім жа вынікам", -- кажа
Марына Лобава.
Маскоўскі суд Менску 24 сакавіка прызнаў Лобава і Дашкевіча вінаватымі ў
злосным хуліганстве. Паводле суду, маладафронтаўцы напалі на мінікоў і зьбілі
іх з выкарыстоўваньнем манціроўкі. Гэта адбылося за дзень да прэзыдэнцкіх
выбараў 19 сьнежня. Пацярпелыя ў судзе выступалі за зачыненымі дзьвярамі.
Эдуард Лобаў атрымаў 4 гады зьняволеньня, Зьміцер Дашкевіч – 2 гады. Абодва сваёй
віны не прызналі і заявілі пра правакацыю спэцслужбаў.