viasna on patreon

Збеглы моладзевы актывіст выжывае ў Расіі, працуючы на будоўлі

2011 2011-04-07T13:21:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Жыццё збеглых з Беларусі актывістаў пасля 19 снежня зусім не простае. Абяцаная дапамога Еўрасаюза даходзіць не так хутка і трапна, як спадзяваліся

Мікіта Красноў, былы лідар дэмакратычнай арганізацыі "Свабодная моладзь", адзін з лідараў кампаніі "Грамадзянін", на сабе спазнаў увесь цяжар вымушанага ўцякацтва з Беларусі. У канцы снежня КДБ правяло ператрусы на кватэрах бацькоў, бабулі і дзяўчыны Мікіты, ён значыўся падазраваным па крымінальнай справе "аб масавых беспарадках". Тады ён прыняў рашэнне тэрмінова з'ехаць з Беларусі, спачатку ў Расію, адтуль – у Літву.

Праўда, ніхто з групы збеглых ад рэпрэсій беларусаў, з якой Мікіта апынуўся ў Вільні, на легальны статус уцекача дакументы не падаваў. Па-першае, кожны збіраецца вярнуцца ў Беларусь пры першай магчымасці, а пры такой працэдуры забіраюць беларускі пашпарт, удакладняе Мікіта. Па-другое, размяшчэнне ў лагеры ўцекачоў не дае магчымасці праводзіць грамадзянскую дзейнасць. Апрача таго, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і літоўскія парламентары прызнавалі іх дэ-факта ўцекачамі і абяцалі дапамагчы збеглым.

Але жыццё ў Вільні аказалася цяжэйшым, чым меркавалася. Амаль тры месяцы Мікіта мусіў туляцца па розных месцах у Вільні, зноў і зноў пазычаючы грошы ў бацькоў і сяброў на пражыванне.

Мікіта Красноў: "Увесь цяжар лёг на бацькоў і сяброў.. Я хіба за ўсё жыццё не змяніў столькі месцаў пражывання, як за час знаходжання ў Вільні – 20-30 разоў пераязжаў за 90 дзён... Мне на адным семінары ў Вільні сказалі – вось, гэта гэтыя палітычныя бамжы! Мне было вельмі крыўдна, але ж фактычна так і ёсць! Фактычна апазіцыя ў Еўразвязе стала палітычнымі бамжамі – людзьмі, якія не могуць ні на што спадзявацца"

Шэраг няўрадавых арганізацый аказаў актывістам пэўную дапамогу. Напрыклад, Дом правоў чалавека прадставіў месца для пражывання на пэўны час. А каля двух тыдняў таму Мікіту і іншым палітычным уцекачам дапамог камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць": цяпер яны маюць часовае жытло, пэўныя грошы на пражыццё і наведваюць курсы польскай мовы ў Польшчы.

Старшыня камітэта Іна Кулей: "Зараз з 59 чалавек 10-15 – гэта палітычныя ўцекачы. Яны атрымалі разовую грашовую дапамогу, наведваюць моўныя курсы. Пасля гэтага будуць шукаць сябе ў жыцці: можа, хтосці вернецца на радзіму, а хтосці атрымае паслядыпломную адукацыю, паспрабуе знайсці працу. Мы спрыяем іх кантактам з праваабрончымі арганізацыямі, дэпутатамі парламента, які могуць паўплываць на іх лёс".

Каардынатар кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Кумец, які дамогся ад Еўракамісіі ўключэння ў "чорны спіс" рэктара свайго былога інстытута, пацвярджае няпростасць умоваў жыцця на выгнанні.

Уладзімір Кумец: "Я ўжо быў звыкся да пастаянных пераездаў, але калі апынуўся ў самай простай халоднай і сырой бытоўцы ў інтэрнаце ЕГУ, дзе раней жылі будаўнікі, то сур'ёзна задумаўся, куды ідзе дапамога ЕС"

У пэўны момант адзін са збеглых грамадзкіх актывістаў, астаўшыся без сродкаў на існаванне, з адчаю хацеў паехаць назад у Беларусь. Мікіта расказвае, як ён і яго прыяцелі выцягнулі свайго сябра Паўла ледзь не з аўтобуса на Мінск.

"Проста надыйшоў такі час, што трэба было фактычна абіраць: ці начаваць на халодным вакзале ў Вільні, ці ў больш цёплай камеры ў “амерыканцы” КДБ"

А нехта, як Андрэй Лянцэвіч, сябра ініцыятыўнай групы Ўладзіміра Някляева і актывіст «Руху будучыні», шэнгенскай візы не мае і вымушаны выжываць у Расіі.

"Зараз часова жыву ў выпадковых сяброў, якія падабралі мяне з вуліцы, я з імі пазнаёміўся на вакзале. Працую на будоўлі, каб мець, за што жыць"

Тым часам еўрапейскія чыноўнікі заявілі аб выдзяленні значных сумаў падтрымкі дэмакратычнай супольнасці. У тым ліку 1 млн 700 тыс. еўра ў якасці "тэрміновай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій". Апрача гэтай пільнай дапамогі, на міжнароднай донарскай канферэнцыі "Салідарнасць з Беларуссю", якая прайшла ў Варшаве 2 лютага, еўракамісар па палітыцы добрасуседзтва Штэфан Фюле абвесціў, што ЕС павялічыць сваю падтрымку ажно ўчацвёра недзяржаўным арганізацыям, незалежным СМІ і рэпрэсаваным студэнтам. З 4 да амаль 16 млн еўра на 2011-2013 гг.

Дарэчы, працяг варшаўскай і наступнай за ёй віленскай донарскіх канферэнцый адбыўся зусім нядаўна – 21 сакавіка ў Брусэлі, у той самы дзень, калі замежныя міністры краін ЕС пашырылі "чорны спіс" беларускіх грамадзян.

Служба знешняга дзеяння ЕС не дала адназначнага адказу, ці пачала выдзяляцца згаданая дапамога пацярпелым ад рэпрэсій. Але паводле адной з дыпламатычных крыніц, дапамога пачалася, перадусім праз праваахоўныя арганізацыі, куды ўцекачам і варта звяртацца.

Адзначым, што падтрымка не так хутка даходзіць і да апазіцыйных СМІ. Так, 17 сакавіка папулярны апазіцыйны сайт Хартыя-97 звярнуўся да сваіх чытачоў па грашовую дапамогу.

У звароце сайта, значная частка рэдактараў якога падвергнулася рэпрэсіям, але які цяпер працягвае сваю працу з Вільні гаворыцца: "Тая дапамога, якую нам зрабілі нашыя сябры, дазволіць прафесійна працаваць яшчэ некалькі тыдняў, а пасля мы будзем вымушаныя спыніць паўнавартасную працу, - напісалі яны. - Нажаль, гучныя заявы еўрапейскіх палітыкаў пра падтрымку незалежных беларускіх СМІ пакуль застаюцца проста заявамі"

Гэта прытым, што яшчэ ў студзені на варшаўскай канферэнцыі бурмістр Цэнтральнага раёна Варшавы ўручыў Змітру Бародку, каардынатару Еўрапейскай Беларусі, сімвалічныя ключы ад новай сядзібы сайта.

Зміцер Бародка: "Так, мне ўручылі гэтыя сімвалічныя ключы. Але пасля, як выявілася, па-першае, мы там мусім мець рэгістрацыю, па-другое, мусім плаціць грошы за арэнду сядзібы, якіх у нас не было"

Вось такая дапамога, уздыхае Зміцер Бародка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства