viasna on patreon

Флігель палаца Радзівілаў у Гародне будзе захаваны

2006 2006-04-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

pahonia.promedia.by

Грамадскасць усё-ткі здолела сказаць сваё слова і прымусіла "рэканструктараў" Савецкай плошчы ў Гродне паслухацца: праект пабудовы падземнага перахода перагледжаны - флігель палаца Радзівілаў будзе захаваны.

Сціплая, але перамога адбылася выключна дзякуючы неабыякавым да лёсу гістарычнага цэнтру Гродна гарадзенцам і менчукам. Вызначаныя заканадаўствам інстанцыі, якія мусяць забяспечваць хаду сапраўднай паўнавартаснай рэканструкцыі, са сваімі абавязкамі не справіліся. Адныя патроху бурылі; іншыя рабілі выгляд, што нічога не бачаць. А хтосьці папросту паціскаў плячыма: "А што мы можам?"

У пятніцу 14 красавіка Гродна наведала супрацоўніца Дзярждэпартаменту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. На месцы "рэканструкцыі" яна зафіксавала шматлікія парушэнні парадку правядзення падобных работ, вызначанага заканадаўствам. На наступны дзень на пляц вышлі каля 15 студэнтаў гістфаку ГрГУ і энтузіястаў, якія крыху пакорпаліся на вуліцы Маставой. У гэты ж момант працягвалася разбурэнне падмуркаў палаца Радзівілаў, знішчаўся кульурны слой - не менш за шэсць метраў гаротнай беларускай зямлі з драўлянай маставой пасярэдзіне (XVI-XVII стст.).

Аднак галоўнае пачалося ў панядзелак 17 красавіка. Менавіта ў гэты час праз вуліцу Стэфана Баторыя пачалі капаць другую палову падземнага перахода, першая частка якога была збудаваная летась. Стваральнікі grodnoproblem.km.ru яшчэ ўвосені мінулага году пралічылі, што выхад з перахода абавязкова павінен зачапіць і цалкам знішчыць адзін з флігеляў палаца Радзівілаў.

18 красавіка а 12-ай гадзіне дня некалькі хлапцоў і дзяўчат з Гродна і Менску скочылі ў яму пад коўш экскаватара і толькі гэтак здолелі спыніць зямельныя работы. Будаўнікі былі вымушаныя адступіць. Моладзь уручную расчысціла месца запланаванага "рэканструктарамі" выхада з падземнага перахода (у кірунку крамы "Баторыя"). У выніку частка падмуркаў флігеля палаца Радзівілаў была ачышчаная ад зямлі і друзу. Адбыліся перамовы моладзі з кіраўніцтвам праекту, у выніку якіх была дасягнутая дамова аб тым, што выхад з падземнага перахода будзе пабудаваны не ў бок "Баторыі", але ў супрацьлеглы бок - да гасцініцы "Нёман".

Цяпер земляныя работы працягваюцца. Будаўнікі пачынаюць прыслухоўвацца да грамадскіх актывістаў. Але цешыцца пакуль што рана. Катастрафічна не хапае валанцёраў і рыдлёвак для правядзення раскопак (мэтай гэткіх раскопак з'яўляецца дакладнае акрэсленне месцазнаходжання старажытных падмуркаў, якое дазваляе карэктаваць рыццё будаўнічых траншэй дзеля мінімізацыі шкоды для падмуркаў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства