viasna on patreon

Фядута пра СІЗА: ніякіх асаблівых умоваў не стваралі, але і катаванняў не было

2011 2011-04-09T22:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адзін з лідэраў кампаніі «Гавары праўду!», давераная асоба Уладзімера Някляева на прэзідэнцкіх выбарах-2010 палітолаг Аляксандр Фядута быў вызвалены ўвечары 8 красавіка.

У следчым ізалятары КДБ да мяне адносіліся, як і да астатніх сукамернікаў — ніякіх асаблівых умоваў не стваралі, але і катаванняў не было, — сцвярджае Аляксандр Фядута.

— Стаяў я на той расцяжцы [пра якую расказваў Міхалевіч -- НН], але не дзве гадзіны, як казаў Міхалевіч, а не больш за тры-чатыры хвіліны, сказаў А. Фядута ў інтэрв'ю Радыё Рацыя.

Мне стала дрэнна, я пачаў губляць прытомнасць.

«Фядута, вам дрэнна?» пытаюцца, я сапраўды не чуў, што мне кажуць. Мне падалі столік і пасадзілі на яго, калі ўбачылі, што мне дрэнна. І не таму, што я такі добры — для іх я такі ж абвінавачаны як і ўсе астатнія. Ніякіх асаблівых умоў для мяне не стваралі, але і ніякага катавання не было.

Свой стан здароўя пасля следчага ізалятара Аляксандр Фядута ацэньваць не стаў. Сказаў, што не ведае і стан гэты ацэняць дактары. Аляксандр Фядута моцна схуднеў і фізічна аслабеў — нават сумкі ў хату дапамаглі занесці супрацоўнікі КДБ, якія вывезлі яго з ізалятара.

Падзеі 19 снежня сталіся стрэсам як для улады, так і для апазіцыі, пасля якога ўсім стала зразумела, што сітуацыю ў краіне трэба мяняць, — лічыць Аляксандр Фядута.

***

Вечарам 8 красавіка з турмы КДБ выйшаў палітэхнолаг Аляксандр Фядута. Ён быў цэнтральнай фігурай кампаніі «Гавары праўду».

Яго арыштавалі ў ноч 20 снежня, хоць ён нават не быў на Плошчы, а сядзеў у штабе Някляева. Тры з паловай месяцы Фядуту, не самага здаровага чалавека, утрымлівалі ў СІЗА КДБ, ён схуднеў на 15 кілаграмаў.

Нядаўна Фядуце было змененае абвінавачванне. З масавых беспарадкаў яго перакваліфікавалі ў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У паведамленні МУС аб змяненні Фядуце меры стрымання таксама гаворыцца:

«Следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама Фядуту А.І., а таксама Марцалеву С.У., Севярынцу П.К., Халіп І.У., Бандарэнку Д.Я., Някляеву У.П., Вазняку С.У., Дзмітрыеву А.У., Рымашэўскаму В.А. і Палажанцы А.У. было прад’яўлена абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 342 КК у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і актыўным удзеле ў іх.

Падчас папярэдняга следства дзеянням усіх асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, давалася індывідуальная прававая ацэнка на аснове строгага выканання прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Пры гэтым следства лічыць устаноўленым факт папярэдняй дамоўленасці толькі паміж асобнымі арганізатарамі згаданых падзей.

Следствам прадстаўлены дакладныя доказы для вызначэння вінаватасці А.Саннікава, М.Статкевіча і Д.Уса ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

У той жа час удзел шэрагу прыцягнутых да крымінальнай адказнасці асоб, як было ўстаноўлена расследаваннем, абмежаваўся арганізацыяй несанкцыянаванага мітынгу і шэсця. У выніку была парушана праца транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, зыходзячы з чаго іх дзеянні ў строгай адпаведнасці з законам кваліфікаваны на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Сцвярджэнні пра наяўнасць непаслядоўнасці ў прававой ацэнцы дзеянняў асобных абвінавачваных не адпавядаюць рэчаіснасці, носяць некарэктны юрыдычны характар і ставяць мэтай скампраметаваць вынікі папярэдняга расследавання і аказаць незаконны націск на суд пры разглядзе гэтых спраў».

У турме Аляксандр Фядута працягваў працаваць як навуковец: ён выдатны даследчык культуры ХІХ стагоддзя. Ён дасылаў жонцы прачулыя лісты з вершамі і малюнкамі.

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, лідар «Гавары праўду», знаходзіцца пад хатнім арыштам і ніякіх палітычных заяваў ад часу пераводу з турмы дамоў не рабіў.

БелаПАН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства