Спачуваем пацярпелым і сем’ям загінулых
Увечары 11 красавіка ў Менску адбылася страшная трагедыя – выбух на самай шматлюднай станцыі метро “Кастрычніцкая” у гадзіну пік, калі людзі вярталіся з працы. Па інфармацыі МУС, у гэты час на месцы здарэння ў непасрэднай блізкасці знаходзілася каля 300 чалавек. У выніку загінула12 чалавек, астатнія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, каля 20 знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Сярод пацярпелых шмат вельмі маладых людзей, двухгадовы хлопчык.
Выбух кваліфікаваны як тэракт, першая рэакцыя на яго – шок, бо для спакойнай Беларусі падобнае злачынства з’яўляецца выключэннем з выключэнняў. Проста нонсэнсам. Трагедыя ўзрушыла жыхароў не толькі нашай краіны. І цяжка сабе нават уявіць, каму гэта было патрэбна і навошта. Калі людзі гінуць у выніку стыхійных катаклізмаў, катастрофаў – гэта таксама боль і горыч, але ў дадзеным выпадку – за выбухам стаяць канкрэтныя фігуры, якія пераследуюць пэўныя мэты. І гэта страшна.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае самыя шчырыя спачуванні сем’ям загінулых і пацярпелых. Мы смуткуем разам з нашым народам, якому яшчэ давядзецца ўсвядоміць і перажыць тое, што адбылося. Мы спадзяемся і верым, што злачынцы панясуць адказнасць у якой бы то ні было форме – судовай ці божай кары.