Міліцыя нагадвае журналістам пра адказнасьць за распаўсюд панікі
Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму
Аляксандар Ластоўскі афіцыйна папярэдзіў прэсу супраць распаўсюджаньня панічных
настрояў.
“Гэта ў вышэйшай ступені амаральна, у вышэйшай ступені незаконна – бударажыць
народ пасьля ўчорашніх падзей нейкімі глупымі чуткамі, выклікаць паніку ў
грамадзтве, – так пракамэнтаваў А.Ластоўскі чуткі пра яшчэ адзін выбух, які
нібыта адбыўся ў Менску 12 красавіка. – Міністэрства ўнутраных спраў
упаўнаважыла мяне зрабіць самае жорсткае папярэджаньне для тых, хто выдумляе
чуткі і для тых, хто іх распаўсюджвае.”
Аляксандар Ластоўскі выехаў на Маскоўскі аўтавакзал, каб асабіста спраўдзіць
чуткі, якія зьявіліся ў інтэрнэце. “Бо ўсе ўжо на мяжы ад гэтых чутак,
адрываецца праца міліцыі, паралізуецца ўсё,” – патлумачыў ён.
Прэсавы сакратар ГУУС папярэдзіў журналістаў пра крымінальную адказнасьць за
распаўсюджаньне непраўдзівай інфармацыі.