У Шклоўскім раёне звярнулі ўвагу на дзяцей з недабранадзейных сем’яў
На пачатку красавіка ў Шклове адбыліся адразу два пасяджэнні, на якіх разглядаліся пытанні выканання патрабаванняў дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у недабранадзейных сем’ях”. Як паведаміла шклоўская раённая газета “Ударны фронт”, пытанні рэалізацыі патрабаванняў дэкрэта ў Шклоўскім раёне разглядаліс я на пасяджэннях раённай каардынацыйнай рады і Шклоўскага райвыканкама.
У газетным матэрыяле падкрэсліваецца, што адным з накірункаў працы аддзела і ўстановаў адукацыі Шклоўскага раёна з’яўляецца прафілактыка сацыяльна небяспечнага стану непаўнагадовых і іх сем’яў, выяўленне, улік і абарона непаўнагадовых, якім патрабуецца сацыяльна-педагагічная, псіхалагічная і іншая дапамога. Неабходна адзначыць, што вынікі гэтай працы на “малой радзіме” кіраўніка краіны не радуюць.
Па стане на 1 сакавіка 2011 года ў раённым банку дадзеных знаходзяцца на ўліку 95 дзяцей, чыё становішча прызнана сацыяльна небяспечным , - гэта 1,8 % ад агульнай колькасці дзіцячага і падлеткавага насельніцтва Шклоўскага раёна. Такія дзеці выхоўваюцца ў 58 сем’ях. За чатыры гады дзеяння дэкрэта № 18 у раёне па пастановах камісіі па справах непаўнагадовых райвыканкама 88 дзяцей былі прызнанымі патрабуючымі дзяржаўнай абароны, яны былі атабраныя ў 78 бацькоў. І толькі 39 адабраных дзяцей вернутыя ў біялагічныя сем’і, 42 – уладкавныя ў сем’і, якія замяшчаюць родныя, паколькі іх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, 7 – знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку. За два месяцы бягучага года праведзены тры адабранні: адабраныя 4 дзяцей у пяці бацькоў.
Сумныя лічбы… Столькі дзяцей засталіся сіротамі пры жывых бацьках у адным з самых эканамічна развітых раёнаў “стабільнай і квітнеючай” Беларусі.
Між тым біялагічныя бацькі дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, (а такіх у Шклоўскім раёне налічваецца аж 122 чалавекі) сродкі на іх утрыманне дзяржаве вяртаць не вельмі спяшаюцца. З агульнай сумы ў 1 351 885 тысяч рублёў, якая павінна быць пакрытая на 1 сакавіка 2011 года згодна рашэнняў суда, рэальна пералічана 711 170 тысяч рублёў, альбо 52,6 %. Запазычанасць склала 640 715 тысяч рублёў.
Згодна інфармацыі газеты “Ударны фронт”, на пасяджэнні Шклоўскага райвыканкама прысутнічаў памочнік прэзідэнта , галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўрэнкоў, які ў свой час працаваў старшынёй Шклоўскага райвыканкама. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў сваёй штодзённай працы супрацоўнікі зацікаўленых раённых службаў “дапускаюць фармалізм, а часам і абыякавасць і не даходзяць да кожнага пэўнага дзіцяці, якому патрэбна дапамога і ўвага. Не на належным узроўні пастаўлена ў раёне і прафілактычная праца з гора-бацькамі”. А так быць не павінна, асабліва на Шклоўшчыне, - падкрэсліў Генадзь Лаўранкоў.
“Праваабарончая хроніка”