20 красавіка рэдактар "Нашай Нівы" сустрэўся з паслом ЗША Джорджам Кролам
Андрэй Дынько паінфармаваў дыплямата пра сытуацыю вакол "Нашай Нівы" і перадаў Рэдакцыйны зварот у гэтай справе.
Галоўны рэдактар расказаў аб тым, што Рэдакцыя рыхтуе зварот да Прэзыдэнта і Прэм'ер-міністра Літвы з просьбай, каб яны хадайнічалі перад ЮНЭСКА аб уключэньні газэты "Наша Ніва" ў "Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва". На думку Рэдакцыі, Літва мае маральнае права на гэта, бо "Наша Ніва" ў 1906-1915, 1991-1996 выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю - добрая для таго нагода. "Наша Ніва" мае прасіць урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКА. Гэты сымбалічны крок - можа быць, апошняе, што сьвет можа зрабіць для беларускай прэсы.
Пасол ЗША сказаў, што ўважліва сочыць за сытуацыяй вакол газэты.