За вызваленьне Андрэя Пачобута
У Мінску, Гродна і Варшаве працягваецца збор подпісаў пад пад хадайніцтвам аб змене меры стрымання Анджэю Пачобуту. Сам карэспандэнт «Газэты Выборчэй» рыхтуецца сустракаць свой 38-мы Дзень народзінаў ў СІЗА.
13 красавіка яго жонка Аксана накіравала першую перадачу мужу ў СІЗА: вопратку, бялізну, прадукты. Інфармацыі аб яго самаадчуванні ёй атрымаць не ўдалося.
У суботу, 16 красавіка, журналіст сустрэне за кратамі свой 38-мы Дзень народзінаў.
– Мяне запэўнілі, што перадачы я магу накіроўваць хоць кожны дзень. Галоўнае, не перавышаць устаноўленых нормаў. Таму спадзяюся, што змагу неяк павіншаваць Анджэя з Днём народзінаў, – паведаміла «Салідарнасці» жонка журналіста.
Тым часам працягваецца збор подпісаў пад пад хадайніцтвам аб змене меры стрымання Анджэю Пачобуту. У Гродна подпісы пад зваротам у абласную пракуратуру ставілі на сходзе апазыцыйнага Саюза палякаў. Як паведаміла «Радыё Свабода» выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу Анжаліка Арэхва, актывісты арганізацыі збіраюць подпісы таксама ў іншых гарадах.
У Мінску з просьбай да калег-журналістаў падпісацца пад пад хадайніцтвам звярнулася ў сваім блогу фатограф Юлія Дарашкевіч. Бланк можна запоўніць на Управе БНФ, офісе БАЖ ці скачаць па спасылцы ў блогу і перадаць ёй.
– Людзі на заклік адклікаюцца актыўна, з большага, наколькі мне вядома, гэта нашыя калегі. Ведаю, што нават у Варшаве пачалі збіраць подпісы, – расказала «Салідарнасці» Юлія Дарашкевіч. – У пятніцу я збіраюся сабраць подпісы ў Мінску і даставіць іх на выходных ў Гродна. Відаць, у панядзелак праз адваката першая партыя подпісаў будзе перададзена ў пракуратуру.
Нагадаем, Анджэя Пачобута пасадзілі ў следчы ізалятар Гарадзенскай турмы №1 па абвінавачанні ў абразе прэзідэнта (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу РБ), супраць яго таксама распачата следзтва па артыкуле 367 КК – «паклёп на прэзідэнта».
Асновай для справы з’яўляюцца публікацыі Анджэя Пачобута ў варшаўскай «Газеце Выборчэй», ў яго блогу і на сайце «Белорусский партизан».