Беларускія анархісты рэагуюць на адну з вэрсіяў КДБ
Старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў 12 красавіка агучыў тры
вэрсіі тэракту ў менскім мэтро. Адна зь іх – дачыненьне да выбуху
маладых экстрэмістаў. "Ёсьць прадстаўнікі радыкальных моладзевых
экстрэмісцкіх арганізацый. Цяпер завяршаецца крымінальная справа па
анархістах. Мы не выключаем, што ў адплату, першую чаргу, у дачыненьні
да КДБ маглі быць учынены падобныя дзеяньні", - сказаў Зайцаў.
На заяву Зайцава адрэагавала група анархістаў «Супраць дзяржавы, супраць капіталу!» на сайце Indymedia Belarus.
«Мы
з упэўненасьцю можам сказаць, што анархісты ня маюць ніякага дачыненьня
да гэтага масавага забойства. Мы гнеўна і рашуча асуджаем суб'ектаў,
якія ажыцьцявілі гэты выбух.
Апанэнтам анархістаў зьяўляецца
ўлада і яе прадстаўнікі. Прэзыдэнты, міністры, генэралы, гаспадары
буйных прадпрыемстваў, а таксама жорсткія мянты, бессардэчныя пракуроры,
баязьлівыя судзьдзі, прадажныя чыноўнікі, прагныя топ-менэджэры.
Таксама нашымі супраціўнікамі зьяўляюцца нацысты - паталягічныя сэрыйныя
маньякі-забойцы.
Людзі, якія спускаюцца пад зямлю, каб у
перапоўненых вагонах даехаць да працы - гэта менавіта тыя, з кім
анархісты салідарызуюцца і кім яны часьцяком зьяўляюцца. [...]
Варта таксама нагадаць, што беларускія анархісты, пра крымінальную справу якіх згадаў старшыня беларускага КДБ, абвінавачваюцца ў падпалах будынкаў: банку, апорнага пункту міліцыі, агароджы сьледчага ізалятару, гарадзкога аддзелу КДБ, праўладнай псэўда-прафсаюзнай арганізацыі. А таксама ў падпале аўтамашыны амбасады, узломе сайту гарадзкой адміністрацыі і ў недазволеным антываеннай шэсьці пад вокнамі беларускага генэральнага штабу. Усе падпалы былі зроблены глыбокай ноччу. Шкода людзям у выніку гэтых нападаў была выключаная. З гэтага бачна, што мэтамі нападаў беларускіх анархістаў, нават па дадзеных сьледзтва, зьяўляюцца зусім іншыя аб'екты, беларускія анархісты цэняць чалавечыя жыцьці і ня выкарыстоўваюць выбухоўку».