Справа Дзмітрыя Бандарэнкі накіравана ў Мінскі гарадскі суд
Крымінальная справа Дзмітрыя Бандарэнкі, які падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў быў даверанай асобай Андрэя Саннікава, накіраваная пракуратурай Мінска ў Мінскі гарадскі суд.
Пра гэта паведаміла агентцва “Інтэрфакс-Захад” са спасылкай на старшага памочніка пракурора Мінска Сяргея Балашова. Па словах апошняга, справа Бандарэнкі скіравана ў гарадскі суд “для вызначэння тэрытарыяльнай падсуднасці”.
Згодна з паведамленнем, па той жа справе праходзяць таксама Павел Севярынец, які быў даверанай асобай экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашеўскага, кіраўнік выбарчага штаба Міколы Статкевіча Сяргей Марцалеў, і жонка Андрэя Саннікава, журналістка Ірына Халіп. Усім прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, паводле “Інтэрфакса”, Дзмітрыя Бандарэнку, Ірыну Халіп, Сяргея Марцалева і Паўла Севярынца вінавацяць у стварэнні штучных падставаў для ўвядзення санкцый з боку ЗША і краін Еўрасаюза.