viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (11-17 красавіка)

2011 2011-04-18T11:26:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінулы тыдзень быў азмрочаны жудаснай трагедыяй, якая адсунула ўсё астатнія падзеі на другі план: 11 красавіка на самай шматлюднай станцыі метро “Кастрычніцкая” ў цэнтры сталіцы ў гадзіну “пік” адбыўся моцны выбух самаробнай бомбы, начыненай паражаючымі элементамі. У выніку 13 чалавек загінулі, каля 200 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. 13 красавіка ў Беларусі быў абвешчаны траур. Выбух кваліфікаваны як тэракт, першая рэакцыя на яго – шок, бо Беларусь заўсёды лічылася цалкам спакойнай і бяспечнай краінай. 12 красавіка на паседжанні ПАСЕ ў Страсбургу разглядалася запланаванае раней пытанне аб сітуацыі ў Беларусі. Беларускія дзяржаўныя СМІ назвалі прысутных на мерапрыемстве праваабаронцаў прадстаўнікамі "пятай калоны", а іх паводзіны ахарактарызавалі як "скокі на касцях", пры гэтым не згадаўшы нават, што паседжанні ў ПАСЕ пачыналіся з хвіліны маўчання па ахвярах тэракту ў Менску. За выказванні з нагоды выбуху ў метро Генпракуратура папярэдзіла А.Мілінкевіча, А.Старыкевіча і В. Костку, а Мінінфармацыі вынесла папярэджанні «Нашай Ніве» і «Народнай волі». Папярэджанне артымала і яшчэ адно незалежнае выданне “УзГорак”. У суд накіраваны справы яшчэ некалькіх фігурантаў крымінальнай справы па падзях 19 снежня. Працягваецца збор подпісаў пад хадайніцтвам аб змене меры стрымання зняволенаму журналісту А. Пачобуту.

 

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальная справа абванавачаных у масавых беспарадках кандыдатаў у прэзідэнты Дзмітрыя Уса, Мікалая Статкевіча, удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці 19 сьнежня 2010 году Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Зміцера Буланава ў хуткім часе будзе разгледжаная ў Ленінскім райсудзе сталіцы. 

Крымінальная справа Дзмітрыя Бандарэнкі, даверанай асобай кадыдата А.Саннікава, накіраваная пракуратурай у Менскі гарадскі суд “для вызначэння тэрытарыяльнай падсуднасці”. Таксама пракуратура Менску перадала ў  Менгарсуд справы карэспандэнткі расійскай “Новой газеты” Ірыны Халіп, жонкі А. Саннікава, Сяргея Марцалева, кіраўніка выбарчага штаба М. Статкевіча і Паўла Севярынца, даверанай асобай кандыдата В. Рымашеўскага, якіх вінавацяць па ч. 1, арт. 342 КК РБ “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.

Не магчыма дабіцца вяртання маёмасці, якую масава пазабіралі ў грамадскіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і простых грамадзянаў падчас ператрусаў у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Людзі пішуць скаргі ў пракуратуру, пракуратура перанакіроўвае іх у КДБ, а КДБ – ізноў у пракуратуру. Дзе знайсці адказы на пытанні – ніхто не ведае. Так, гомельскія міліцыянты вярнулі аднаму з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», вядомаму грамадскаму дзеячу і навукоўцу Юрыю Варонежцаву рэчы, канфіскаваныя падчас ператрусу 18 траўня 2010 году, але не ўсе. Недзе прапалі, па версіі праваахоўных органаў, два дарагія по коштах ноўтбукі, прычым адзін з іх быў новы, і ніякай інфармацыі, якая магла б зацікавіць следчых, на ім не было. Акрамя таго падчас вобшуку міліцыянты забралі і грошы – каля 5 тыс. даляраў, якія належалі жонцы навукоўца, Ларысе Варонежцавай. Жанчына прайшла некалькі судовых інстанцый, пісала скаргі ў Генеральную пракуратуру, следчыя аддзелы, суд, але так і не змагла вярнуць свае грошы.

 

Затрыманні і  адміністрацыйныя пакаранні

 13 красавіка суддзя Савецкага райсуду Гомеля Галіна Сыцько пакарала старшыню Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (875 тыс. рублёў) за адмову прайсці дактыласкапію. Варта заўважыць, што адмова ад дактыласкапіі не з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, таму партыйны дзяяч быў пакараны па арт. 23.4 КаАП – за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

За адмову ад дактыласкапіі супрацоўнікамі Маларыцкага РАУС складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 23.4 КаАП у дачыненні да жыхара вёскі Мельнікі Рыгора Лук’янчука.  Між тым, Р. Лук’янчук лічыць, што не адносіцца да тых катэгорый людзей, якія павінны здаць адбіткі пальцаў у абавязковым парадку. 

У бабруйскага актывіста “Маладога Фронту” Максіма Чарняка двойчы за тыдзень “адкаталі пальчыкі”. Апошнім часам хлопца даволі часта выклікаюць у РАУС. Падставай стала падазрэнне ў крадзяжы, якога ён не здзяйсняў. 

12 красавіка Магілёўскі абласны суд пад старшынствам суддзі Уладзіміра Навітанюка адмовіў ў задавальненні касацыйнай скаргі Максіму Анцыповічу, які быў пакараны штрафам за ўдзел у неснкцыянаваным пікеце ў Магілёве яшчэ 16 студзеня. 

14 красавіка Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу лідэра руху БНФ “Адраджэньне” Зміцера Салаўёва, які дамагаўся адмены рашэння Ленінскага райсуду аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе арышту.

 

Абмежаванні свабоды слова

Працягваецца збор подпісаў пад пад хадайніцтвам аб змене меры стрымання Анджэю Пачобуту. У Гродна подпісы пад зваротам у абласную пракуратуру ставілі на сходзе апазіцыйнага Саюза палякаў. У Менску з просьбай да калег-журналістаў падпісацца пад пад хадайніцтвам звярнулася ў сваім блогу фатограф Юлія Дарашкевіч. Сам карэспандэнт «Газэты Выборчэй» 16 красавіка сустрэў за кратамі свой 38-мы Дзень народзінаў. Журналіст абвінавачваецца па двух крымінальных артыкулах – абраза прэзідэнта (арт.368 КК РБ) і паклёп на прэзідэнта (арт. 367 КК РБ) на падставе публікацый у варшаўскай «Газэце Выборчэй», у ягоным блогу і на сайце «Белорусский партизан». Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай пратэсту супраць крымінальнага пераследу А. Пачобута. Праваабаронцы звяртаюць увагу на той факт, што А. Пачобут за сваю грамадскую і журналісцкую дзейнасць цягам апошніх гадоў неаднаразова падвяргаўся адміністрацыйным арыштам. Апошні такі выпадак – 15-суткавы арышт пасля затрымання падчас падзеяў 19 снежня 2010 г. ў Менску, дзе журналіст выконваў свае прафесійныя абавязкі. Аднак падставай для яго пераследу з’яўляецца не толькі супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ, але і грамадская актыўнасць ў непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў Беларусі.

Генеральная пракуратура Беларусі вынесла папярэджанні лідэру руху "За Свабоду" Аляксандру Мілінкевічу, журналісту Аляксандру Старыкевічу і былому супрацоўніку КДБ Валерыю Костку "за распаўсюд неабгрунтаванай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў Менскім метрапалітэне". Як паведаміў БелаПАН А. Старыкевіч, папярэджанне яму вынесенае за артыкул "Каму гэта выгадна?", размешчаны на сайце інтэрнэт-газеты "Салідарнасць".

Мінінфармацыі вынесла папярэджанні тром незалежным выданням: 14 красавіка «Нашай Ніве» і 15 красавіка «Народнай волі». Падставай для папярэджання «Нашай Ніве» стала «публікацыя на старонках газеты непраўдзівай інфармацыі пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка знаходзілася на станцыі да позняга вечара», а папярэджанне рэдакцыі «Народнай волі» — «у сувязі з распаўсюдам выданнем звестак, не адпаведных рэчаіснасці і зневажальных для дзелавой рэпутацыі Белтэлерадыёкампаніі».

Незалежная газета “УзГорак”, якая выдаецца ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці, 14 красавіка атрымала ліст з Міністэрства інфармацыі, у якім паведамляецца, што выданню вынесена папярэджанне за шэраг парушэнняў. Рэдактарка выдання Галіна Будная адзначыла, што супрацоўнікі “Узгорка” не пагаджаюцца з высновамі Мінінфарма.

Анатоль Санаценка, рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер”, якая зараз існуе толькі ў электронным варыянце, паведаміў пра ціск на яго з боку пракуратуры. У адказ на сайце газеты ён апублікаваў заяву, у якой выказвае занепакоенасць сітуацыяй са свабодай СМІ у Беларусі.

Абмежаванні свабоды мірных сходаў

Старшыня Салігорскага выканкаму Аляксандр Рымашэўскі забараніў правядзенне пікетаў пад лозунгамі “За стабільнасць” і “За нашага Прэзідэнта”. Таксама быў забаронены пікет супраць забароны пікетаў. Заяўкі на правядзенне дадзеных пікетаў былі пададзены напрыканцы сакавіка салігорскім дэмакратычным актывістам Уладзімірам Шылам. Мерапрыемствы мусілі адбыцца 14-га, 15-га і 16-га красавіка на стадыёне “Будаўнік”. У адмове з выканкаму сцвярджаецца, што масавыя мерапрыемствы забараняюцца “ў сувязі з правядзеннем працаў па рэканструкцыі стадыёну”, што аднак не зашкодзіла чамусьці правядзенню на ім футбольных матчаў. 

 

Палітычна матываваныя звальненні

Сябра БХК Святлана Рудкоўская страціла працу ажно ў двух месцах. Мясцовыя праваабаронцы лічаць, што гэта непасрэдна звязана з яе актыўнай дзейнасцю падчас апошніх выбарчых кампаній, калі яна займалася назіраннем і неаднаразова складала скаргі па фактах парушэння выбарчага заканадаўства. 

Актывістка агітацыйнай кампаніі “Гавары праўду” з Гомеля Вольга Лямцава вымушана была звольніцца з працы з прычыны створаных адмыслова для яе неспрыяльных умоваў: ёй знізілі заробак, да таго ж затрымлівалі яго выплату, а таксама прымушалі працаваць больш і не па графіку.

 

Абмежаванні права на свабоду асацыяцый

11 красавіка прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні МГА «Маладыя дэмакраты» атрымалі адказ з Міністэрства юстыцыі, у якім гаворыцца, што «рашэннем калегіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2011 года № 63 у дзяржаўнай рэгістрацыі МГА «Маладыя дэмакраты» адмоўлена». Па словах аднаго з кіраўнікоў аргкамітэту Алега Корбана, «Маладыя дэмакраты» не збіраюцца адмаўляцца ад свайго намеру атрымаць афіцыйны статус.

Камунальнае ўнітарнае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства “ЖРЭУ г. Баранавічы” адклікала гарантыйны ліст аб прадастаўленні Баранавіцкаму грамадскаму аб’яднанню “Кабзар” памяшкання для офіса ў пяць квадратных метраў. Такім чынам, арганізацыя этнічных ўкраінцаў застаецца без юрыдычнага адрасу, што пазбаўляе магчымасці атрымаць афіцыйную рэгістрацыю. 

 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства