«Чарнобыльскі шлях-2011»: Забаранілі шэсце. Мітынг ля капліцы таксама пад пытаннем
Сёння ў Мінгарвыканкаме прайшла сустрэча заяўнікаў штогадовай вулічнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» з гарадскімі ўладамі.
На ёй прысутнічалі старшыня аргкамітэта «Чарнобыльскага шляха» Юры Хадыка і сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
Першапачаткова заяўнікі прасілі 26 красавіка, а 18:00 збор на пляцоўцы ля Акадэміі навук і далейшае шэсце па Сурганава да Чарнобыльскай капліцы.
Па такім маршруце праходзілі апошнія «Чарнобыльскія шляхі».
Дзяніс Садоўскі кажа, што ў гарвыканкаме ім выдалі паперу, дзе гаворыцца, што «Акадэмія навук не можа быць месцам масавых акцыі, бо знаходзіцца бліжэй, чым 200 метраў ад метро».
Садоўскі ўдакладніў, чаму тады летась збор на Акадэміі дазволілі. Адказ быў прыкладна такім: тады вырашылі дазволіць, а цяпер — не. Без асаблівага тлумачэння.
У выніку заяўнікам дазволілі толькі мітынг ад 18 да 20 у Парку Дружбы народаў, нават не каля Чарнобыльскай капліцы. Паводле прадстаўніка БХД, заўтра яны збіраюцца размаўляць з міліцыяй, каб людзям дазволілі сабрацца ля капліцы.
Канчатковае рашэнне арганізатары прымуць у сераду, а 17 гадзіне. Дзяніс Садоўскі лічыць адмову Мінгарвыканкаму незаконнай.