Сябраў Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусь не ўпускаюць
Уначы 20 красавіка беларускія памежнікі зьнялі украінскую праваабаронцу Марыну Цапок з цягніка «Кіеў-Мінск». Дзяўчына накіроўвалася ў Беларусь для аказаньня дапамогі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Яе суправадзілі на прыгарадны цягнік да Чарнігава.
Гэта не першы выпадак, калі сяброў Міжнароднай назіральнай місіі дэпартуюць. Нагадаем, 9 сакавіка украінскі праваабаронец Максім Кіцук, быў зняты з цягніка «Кіеў-Мінск». Супрацоўнікі Гомельскага памежнага атрада паведамілі яму, што яго прозвішча значыцца ў базе дадзеных Памежнай службы з пазнакай «Уезд забаронены». Кіцука дэпартавалі назад ва Украіну.
16 сакавіка быў затрыманы кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў.
Беларускія ўлады паведамілі праваабаронцу, што 4 сакавіка ён ўнесены ў спіс асобаў, знаходжанне якіх непажаданае на тэрыторыі Беларусі. Яму было выдадзена прадпісанне цягам 24 гадзін пакінуць Беларусь. Андрэй Юраў пакінуў Беларусь раніцай 18 сакавіка.
Міжнародная назіральная місія па маніторынгу правоў чалавека ў Беларусі пачала працу ў Мінску 27 снежня. Яны была створаная прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый краін АБСЕ і міжнародных грамадзянскіх сетак і арганізацый. Дзейнічае па даручэнні Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, які яднае прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краін АБСЕ. Ажыццяўляе маніторынг агульнай сітуацыі з захаваннем фундаментальных правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пытанняў абароны праваабаронцаў і забеспячэння іх прафесійнай дзейнасці. Падкрэслівае, што правы чалавека з’яўляюцца прадметам наўпростай і законнай заклапочанасці міжнароднага грамадзянскай супольнасці і заклікае, каб улады Беларусі трымаліся ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў у сферы правоў чалавека, а дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, у адпаведнасці з прынцыпамі АБСЕ, — кантралявалі выкананне гэтых абавязальніцтваў.