viasna on patreon

Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» атрымаў пракурорскае папярэджанне па пошце

2011 2011-04-20T13:09:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

18 красавіка галоўнаму рэдактару «Бобруйского курьера» Анатолю Санаценку прыйшоў заказны ліст з пракуратуры Ленінскага раёна Бабруйска. У ім знаходзілася «Афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе дачыненні ў сферы парадку ўпраўлення». Падпісаў дакумент намеснік пракурора раёна А. Кабернік.

Прэтэнзіі з боку пракуратуры выклікаў адзін з запісаў у блогу А. Санаценкі, які ён вядзе на папулярным сайце «Белорусский партизан». У ім журналіст развівае выказаную А. Лукашэнкам думку пра тое, што ў трагічных падзеях у Мінску 11 красавіка вінаватая дзейная ўлада.

«Каб прадухіліць магчымыя прэтэнзіі, у сваім блогу я і даў спасылку на афіцыйны сайт А. Лукашэнкі, дзе цытуецца яго прамова на экстранай нарадзе ў сувязі з выбухам», — каментуе папярэджанне А. Санаценка. Там, у прыватнасці, гаворыцца наступнае: «Крыть нечем. В этом событии виноваты только мы… Вина лежит на нас». Далей я змясціў свой кароткі каментар, права на які мне дае арт. 33 Канстытуцыі РБ, а таксама арт. 5 («Свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне») закона РБ «АБ СМІ». Таксама хацелася б адзначыць, што ў беларускім заканадаўстве няма такога паняцця, як «спадабалася — не спадабалася». Затое ёсць крымінальная адказнасць за «перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (арт. 198 КК РБ)».

Анатоль Санаценка збіраецца абскарджваць атрыманае папярэджанне.

Нагадаем, што 14 красавіка намеснік пракурора раёна А. Кабернік спрабаваў уручыць папярэджанне кіраўніку «Бобруйского курьера» ў двары яго дома. Анатоль Санаценка тады адмовіўся што-кольвек падпісваць, паколькі не лічыць сябе парушальнікам заканадаўства, і прапанаваў супрацоўніку пракуратуры сустрэцца ў больш афіцыйнай абстаноўцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства