viasna on patreon

Віцебскіх дворнікаў прымусілі вычышчаць“лабараторыі з выбухоўкай”

2011 2011-04-20T14:43:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzvierypadval.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Удакладняем адразу: ніякай лабараторыі ў падвалах “пяціпавярховак”, дзе жылі затрыманыя за тэракт у метро  віцебскія хлопцы, мы не бачылі”, - кажуць супрацоўнікі ЖКГ Першамайскага раёну Віцебска.  Насуперак таму, што гаварылася па дзяржаўным тэлебачанні, ні выбухоўкі, ні іншых падазроных прадметаў у старых падвалах не было – толькі друз і смецце.

Віцебск – адносна невялікі горад, таму таямніцу следства насельнікі раёну ДСК раскрылі досыць хутка: хоць прыблізна, але амаль кожны ведае, дзе жылі затрыманыя.

“Не ведаю, які тут вобшук праводзіўся, і дзе што тут можна было знайсці, - дзівіцца спадарыня з венікам у руках. – Але напрыканцы мінулага тыдня нас усіх прымусілі чысціць падвалы ў жылых дамах. Пра лабараторыю, дзе нібыта выраблялася выбухоўка, нас тады не папярэджвалі. Проста сказалі: ідзіце і наводзьце парадак, выкідайце стары хлам. Смецця і друзу вынеслі шмат, але каб у такіх умовах магла працаваць нейкая лабараторыя – не веру!”

Мясцовыя жыхары таксама дзівяцца. Адзін з іх запрасіў паглядзець падвальнае памяшканне:

“Вось глядзіце, але тут нават лямпачкі няма! Асьцярожна, пад нагамі лужына! Тут заўжды вільгаць, трубы цякуць, смурод стаіць… На кожную кватэру – катушок два на два метры і рассохлыя дзверы з негабляваных дошак. Якая лабараторыя, калі тут без процівагаза гадзіну не пратрываеш! Смешна слухаць такія выступы па тэлебачанні!”

Тым не менш, віцебскія супрацоўнікі міліцыі ўжо некалькі дзен праводзяць апытанні мясцовых жыхароў, ці не даносілася  з падвалаў нейкіх падазроных гукаў або пахаў.

“Канешне, тут усе смярдзіць! Але не хімікатамі, а, выбачайце, адкідамі жыццядзейнасці. Падвал ніколі не рамантаваўся, колькі стаіць наш дом. Праводка згніла, тут можа токам забіць. Трэба рамонт праводзіць, а камунальшчыкі жанчынак-дворнікаў прыслалі, і тыя рознае рыззё і друз цягалі”, - абураецца дзядуля-пенсіянер.

На пытанне, ці было страшна добраўпарадкаваць падвалы пасля тэлевізійных паведамленняў пра  лабараторыі з выбуховымі рэчывамі, супрацоўніцы ЖКГ толькі паціскаюць плячыма. Не вераць, што іх маглі так спакойна накіраваць на такую працу, каб яна сапраўды была небяспечнай.

Тыя, хто жыве непасрэдна над падваламі–“лабараторыямі”, таксама асабліва не ўражаныя: яны сумняюцца, што “сілавікі” літаральна за адны суткі здолелі знайсці сапраўды вінаватых у здзяйсненні тэракту 11 красавіка.

Дакладнай інфармацыі ў Віцебску не ведае ніхто. Разнастайныя публікацыі ў інтэрнэце даюць толькі нагоду для спрэчак. У КДБ абяцаюць распавесці пра ўсе акалічнасці ды назваць падазраваных і вінаватых самым бліжэйшым часам, да моманту прад’яўлення абвінавачвання. У адпаведнасці з заканадаўствам абвінавачванне павінна быць прад’яўлена ў 10-дзённы тэрмін.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства