viasna on patreon

Лідэра бабруйскіх сацыял-дэмакратаў дапыталі ў КДБ

2011 2011-04-21T10:25:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 красавіка на працягу трох годзін дапытвалі лідэра бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юрыя Грынявецкага. Допыт вёў старэйшы лейтэнант КДБ Сілкоў. На допыт у якасці грамадскага прадстаўніка не быў дапушчаны сябра БСДП (Грамады) Уладзімір Чабан.

Супрацоўнік КДБ намагаўся, каб Юрый Грынявецкі падпісаўся пад тым, што з’яўляецца старшынёй незарэгістраванай бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), а таксама,  што ён цалкам асэнсоўвае гэта і разумее наступствы за сваю дзейнасць.

“Пад гэтай паперкай я катэгарычна падпісвацца адмовіўся. Я сказаў, што не з’яўляюся афіцыйна старшынёй дадзенай арганізацыі і не дзейнічаю афіцыйна ад дадзенай структуры, - гаворыць Юры Грынявецкі, - тады супрацоўнкік КДБ прапанаваў, каб я напісаў тлумачальную”.

Юрый адзначае, што ў тлумачальнай ён пазначыў, што з’яўляецца членам БСДП, прадпрымаў спробы рэгістрацыі мясцовай арганізацыі, праводзіў сустрэчы сацыял-дэмакратаў у горадзе, на якіх абмяркоўваліся розныя палітычныя пытанні, а таксама што ўваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука.

“Акрамя гэтага КДБэшнікі цікавіліся партнёрскімі сувязі з замежнікамі і замежнымі арганізацыямі”,- адзначае актывіст.

Дзеянні супрацоўнікаў КДБ Юры Грынявецкі мае намер абскардзіць у пракуратуры.

Нагадаем, што ў гэты ж дзень зранку на працу да актывіста з’явіўся супрацоўнік КДБ, які пад роспіс уручыў Юрыю позву. У позве не быў вызначаны статус – у яксці каго яго актывіста выклікаюць на допыт.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства