viasna on patreon

СМІ Салігоршчыны вярнуліся ў культурніцка-калгаснае “гета”

2011 2011-04-21T10:53:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gazeta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Агляд публікацый і матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі Салігорскага рэгіёна ў паслявыбарчы перыяд дазваляе канстатаваць вяртанне дзяржаўных і праўладных СМІ у “гета” культурніцка-калгаснай тэматыкі.
Афіцыйная выканкамаўская газета “Шахцёр” ніколі не вылучалася друкам артыкулаў з меркаваннем альтэрнатыўным пазіцыі цяперашніх уладаў. Захоўвалася гэткая тэндэнцыя і пад час апошняй выбарчай кампаніі. Тым не менш, выбары прэзідэнта прымусілі газету час ад часу змяшчаць матэрыялы выбарчай тэматыкі ды афіцыйныя рашэнні, датычныя выбараў. Завяршэнне выбарчай гонкі 19 снежня і брутальны разгон мітынгу ў Мінску сталі пачаткам чарговай палітычнай напругі ў краіне, але ж са старонак “Шахцёра” зніклі нават тыя мінімальныя прыкметы грамадска-палітычнага жыцця рэгіёну, якія можна было назіраць у перадвыбарчы перыяд.
Прыкладна тое ж можна назіраць і ў працы мясцовага тэлеканала “СТК”. Перыядычныя грамадска-палітычныя рэпартажы перадвыбарчага перыяду былі цалкам заменены зводкамі з палёў ды паведамленнямі аб спаборніцтвах аператараў машыннага даення. Падобна на тое, што супрацоўнікі газеты “Шахцёр” і Салігорскага тэлеканала ўзялі на ўзбраенне даклад Алены Яловік для студэнтаў БДУ аб змяншэнні колькасці негатыўных навінаў і пачалі “лакіраваць рэчаіснасць”.
Бадай адзінай альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі пра грамадска-палітычныя падзеі ў рэгіёне з’яўляецца сайт САЛІГОРСК.org. Тут стала з’яўляюцца праваабарончыя навіны ды крытычныя артыкулы без цэнзуры. З завяршэннем выбарчай кампаніі колькасць вострых матэрыялаў на актуальныя тэмы на сайце абсалютна не зменшылася. Але ж рэсурс гэты даступны, натуральна, выключна для карыстальнікаў інтэрнэта.
Жыхарам рэгіёна, да якіх усеагульная інтэрнэтызацыя яшчэ не дайшла, можна параіць набываць незалежную газету “Інфа-Кур’ер”, якую цяжка абвінаваціць у неаб’ектыўнасці ці непрафесіяналізме. Але ж трэба прызнаць, што статус афіцыйна-зарэгістраванага выдання з завяршэннем перадвыбарчай лібералізацыі прымусіў газету вярнуцца да больш жорсткай самацэнзуры. Вострыя пытанні палітычнага характару сталі з’яўляцца нас старонках газеты значна радзей.
Даволі папулярная на Салігоршчыне прыватная газета “Лидер Пресс”, а таксама буйнейшы незалежны сайт гораду “Электронный Солигорск” сваю інфармацыйную палітыку ні пад час выбараў, ні пасля іх не змянялі. Выбары, як і паслявыбарчыя падзеі, гэтыя інфармацыйныя рэсурсы наўпрост праігнаравалі. Можна было б здзівіцца значнай папулярнасці гэтых інфармацыйных крыніц, але ж варта канстатаваць змену іх функцыі як паўнавартасных СМІ на газету прыватных абвестак і сайт гарадскіх даведак.
Аналізуючы працу ўсіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, можна заўважыць наступную абумоўленасць - чым вышэй залежнасць сродку масавай інфармацыі ад дзяржавы, тым менш крытычных і аб’ектыўных матэрыялаў у ім можна зайсці. Паслявыбарчае “закручванне гаек” толькі ўзмацніла гэтую абумоўленасць.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства