Сяргей Каваленка зноў пад арыштам і зноў абвясціў галадоўку пратэсту
Віцебскага актывіста КХП БНФ зноў забіралі ў ізалятар часовага ўтрымання. Дасланы па яго міліцэйскі канвой патлумачыў, што актывіст мусіць “адседзець” яшчэ 12 сутак – дабыць тэрмін арышту, з-пад якога яго выпусцілі 8 красавіка.
Апазіцыянер адразу абвясціў, што будзе працягваць галадоўку пратэсту супраць несправядлівых, на яго думку, прысудаў і ўвогуле незаконнай дзейнасці сілавых структур.
Сяргей Каваленка нагадаў гісторыю апошніх арыштаў і галадовак пратэсту: “25 сакавіка мне далі 7 сутак арышту за акцыю да Дня Волі: я выйшаў у цэнтр Віцебска з трыма бел-чырвона-белымі сцягамі. Адраз у ІЧУ я абвясціў галадоўку пратэсту. Калі 1 красавіка я выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання, мяне зноў затрымалі міліцыянты. У Першамайскім РАУС мне патлумачылі, што адпраўляюць на новы арышт – ужо паводле рашэння крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Інспекцыя адправіла мяне ў ІЧУ ўжо на 15 сутак, бо летась мне прысудзілі тры гады абмежавання волі "ўмоўна" пасля вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы і цяпер акцыю са сцягамі прызналі парушэннем рэжыму адбывання пакарання. Пад другім арыштам я аднавіў галадоўку”.
На 11 суткі галадоўкі актывіст трапіў у кардыялягічнае аддзяленне гарадзкой бальніцы. 8 красавіка яго выпісалі і адразу ж адпусцілі дахаты: як патлумачылі ў ІЧУ, на час разбіральніцтва па ягоных скаргах.
Актывіст падаваў скаргі ў гарадзкую пракуратуру, але там вырашылі, што абодва арышты цалкам законныя. Цяпер Сяргей Каваленка будзе знаходзіцца ў ІЧУ да 4 траўня.
“Праваабарончая хроніка”