У Віцебску гатовыя выйсці на несанкцыянаваную “чарнобыльскую” акцыю
Мясцовыя актывісты падавалі заяўку на правядзенне акцыі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ва ўскраінным Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Атрымаўшы адмову, яны вырашылі сабрацца ўвечары 26 красавіка ў цэнтры Віцебску на плошчы Свабоды.
Каардынатар руху “За свабоду” у Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў (на фота) распавёў, што віцебскія актывісты мелі намер правесці мітынг – выказаць салідарнасць з пацярпелымі ў выніку аварыі на АЭС у Японіі і ўшанаваць памяць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС:
“У адказ на нашу заяўку мы атрымалі адмову з адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Маўляў, мы не заключылі дамову з ЖКГ, каб забяспечыць парадак на месцы мітынгу. Ведаючы з ранейшага досведу, што ў нас запатрабуюць дамовы наконт аховы правапарадку, мэдычнае абслугоўванне і паслугаў ЖКГ, мы правялі перамовы з кіраўніцтвам гэтых структур. Адказныя асобы патлумачылі, што дамовы з намі заключаць толькі пасля атрымання дазволу на мерапрыемства. Пра гэта мы склалі адмысловы ліст у раённую адміністрацыюі: мы гатовыя заключаць усе неабходныя дамовы, але найперш з нас патрабуюць дазвол! Але нам адмовілі, зноў накіраваўшы па “зачараваным коле”.
Два месяцы таму віцебскія дэмакратычныя актывісты звярталіся ў Віцебскі гарвыканкам, каб памяняць парадак атрымання дазволаў на акцыі -- каб у раённых адміністрацыях не патрабавалі дамоваў, якіх папярэдне заключыць немагчыма. Але з гарвыканкаму адказалі, што гэтае рашэнне ўнесена ў Нацыянальны рэестр прававых актаў, прайшло экспэртызу на адпаведнасць сучаснаму беларускаму заканадаўству , і таму перагляду не падлягае.
“Такім чынам, дэмакратычную грамадскасць Віцебска ўвогуле пазбавілі магчымасцяў праводзіць любыя акцыі. Бо прычына адмовы закладзена ў ранейшым рашэнні гарвыканкаму”, -- гаворыць Хрыстафор Жаляпаў.
Таму віцебскія актывісты вырашылі праводзіць 26 красавіка жалобную акцыю ў любым выпадку, нават без дазволу ўладаў. Землякоў запрасілі сабрацца ў 17.30 на плошчы Свабоды, каб разам прыняць зварот да урадаў Расіі і Беларусі пра небяспеку будаўніцтва новай Астравецкай АЭС.
“Праваабарончая хроніка”