viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (18-24 красавіка)

2011 2011-04-25T14:16:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля тэракту ў сталічным метро значна ўзмацніўся ціск на незалежныя мас-медыя: былі вынесены папярэджанні асобным журналістам і калектывам некаторых рэдакцыяў. Дзяржвыданні пачалі кампанію дыскрэдытацыі прадстаўнікоў незалежных СМІ. У сувязі з гэтым “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняла заяву “Патрабуем спыніць пераслед нашых калег!”. У справе аб масавых беспарадках зявіўся новы падазраваны Віталь Стажараў. Прызначаны суды над 11 абвінавачанымі за ўдзел у Плошчы-2010. 19 красавіка былі прэвентыўна затрыманыя, а на наступны дзень пакараныя адміністрацыйным арыштам актывісты грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Валер Шчукін, Алег Баршчэўскі, Павел Левінаў і Павел Станеўскі. Вольга Карач пакараная штрафам. Улады адмовілі ў правядзенні акцыяў, прымеркаваных да 25-х угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. 

 

Парушэнні права на свабоду слова 

 З 12 па 19 красавіка пракуратура, Міністэрства інфармацыі і КДБ у 9 выпадках папярэдзілі асобных журналістаў і калектывы рэдакцыяў. Пачалі кампанію дыскрэдытацыі незалежных журналістаў дзяржаўныя рэспубліканскія выданні, у прыватнасці, «Народная газета» і «Рэспубліка». Затым паклёпніцкія матэрыялы пачалі гуляць па раённых выданнях – ад Барысава да Мазыра.

18 красавіка галоўнага рэдактара газеты «Наша Ніва» Андрэя Скурко выклікалі ў КДБ, дзе папярэдзілі аб адказнасці за разгалошванне матэрыялаў следства па справе аб тэракце 11 красавіка. На наступны дзень намеснік генеральнага пракурора Беларусі М.Кукліс вынес «Нашай Ніве» папярэджанне за публікацыю ў № 14 артыкула «Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спецслужб». Адначасова Міністэрства інфармацыі накіравала ў адрас рэдакцыі папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння нормаў закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

19 красавіка рэдактар крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад гарадской пракуратуры – за свой артыкул “Чорныя дні”.

20 красавіка рэдакцыя часопіса “Аrche. Пачатак” атрымала ліст з афіцыйным папярэджаннем, вынесеным Міністэрствам інфармацыі за подпісам міністра Алега Праляскоўскага, на падставе парушэння арт. 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Папярэджанне было вынесена яшчэ 15 красавіка за тое, што “у выхадных звестках нумара 1–2 часопіса за 28 лютага 2011 года адсутнічае імя па бацьку галоўнага рэдактара выдання, няправільна паведамлена пра нумар пасведчання аб яго дзяржаўнай рэгістрацыі, а таксама не ўказаны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў гэты часопіс”. 

18 красавіка за каментар у блогу ў сувязі з выбухам галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка атрымаў ліст з пракуратуры з папярэджаннем за подпісам намесніка пракурора А. М. Каберніка - «аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сферы парадку кіравання». Прэтэнзіі з боку пракуратуры выклікаў запіс у блогу журналіста, які ён вядзе на сайце «Беларускі партызан». А.Санаценка ў сваю чаргу нагадвае, што ў беларускім заканадаўстве ёсць крымінальная адказнасць за “перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста” (арт. 198 КК РБ)  і мае намер абскардзіць папярэджанне. 

У сувязі з падзеямі вакол незалежных СМІ грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняло заяву пад назвай “Патрабуем спыніць пераслед нашых калег!”

21 красавіка ў цэнтры сталіцы падчас выканання рэдакцыйнага задання супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымалі відэааператара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Паўла Падабеда. Пасля праверкі дакументаў на працягу гадзіны яго адпусцілі. 

21 красавіка Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. Журналіст намагаўся адмены адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе сямі сутак адміністрацыйнага арышту, вынесенага суддзёй Ленінскага раённага суда Магілёва Ірынай Ланчавай 28 сакавіка. Старшынствавала на судзе Святлана Мартынава.

22 красавіка зьняволенаму журналісту Андрэю Пачобуту дазволілі сустрэцца з жонкай. Андрэй паведаміў, што днямі яго наведаў пракурор. Сутнасць візіту журналіст зразумеў як прапанову пакаяцца, ад якой ён адмовіўся. 

Абласная пракуратура даслала адказ на калектыўны зварот гарадзенскіх сябраў БАЖ, у якім гаворыцца: «асобы, што звярнуліся з заявай па крымінальнай справе ў адносінах да Пачобута А.С., не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, і іх інтарэсы не закранаюцца следствам, якое вядзецца па справе». Такім чынам, атрымана чарговая адпіска. 

 

Палітычна матываваны пераслед      

Новы падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках – Віталь Стажараў. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. 7 лютага на кватэры ягонай бабулі быў праведзены ператрус, у выніку якога  сканфіскаваныя дыскі і літаратура.

У Маскве актывісты руху «Салідарнасць» пачынаючы з 14 красавіка кожны працоўны дзень з 16 да 17 гадзін праводзяць пікеты каля будынка МЗС з патрабаваннем да міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова адрэагаваць на арышт у Беларусі Фёдара Мірзаянава – сына расійскага грамадзяніна Рыма Мірзаянава. Пікеты працягнуцца да тых часоў, пакуль МЗС не прыме рашэнне аб неабходнасці прысутнасці расійскіх дыпламатаў на судзе над абвінавачаным ва ўдзеле ў масавых беспарадках. На пікетах актывісты раздаюць зварот і прапаноўваюць мінакам прайсці ў прыёмную МЗС і асабіста гэты зварот перадаць. 

Менгарсуд працягнуў абраную меру меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту для жонкі былога кандыдата ў прэзідэнты А. Саннікава журналісткі Ірыны Халіп да 13 траўня. 

Прызначаны даты судовых працэсаў па справах, узбуджаных за паслявыбарчую акцыю пратэсту 19 снежня. Разгляд справы каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" Змітра Бандарэнкі, які абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), адбудзецца 26 красавіка ў Першамайскім райсудзе сталіцы. 

Суд над чарговай пяцёркай удзельнікаў акцыі пратэсту, абвінавачаных у масавых беспарадках, прызначананы на 27 красавіка. Суддзя Кастрычніцкага райсуду Менска Ала Булаш разгледзіць крымінальныя справы Уладзіміра Хамічэнкі, Дзмітрыя Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені і Паўла Вінаградава. У гэты ж дзень у Партызанскім райсудзе працэс па справах абвінавачаных у масавых беспарадках Андрэя Саньнікава (ч.1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменкі будзе весці суддзя Наталля Чацвертакова.  

 

Затрыманні і  адміністрацыйныя пакаранні прадстаўнікоў апазіцыі

Сход актывістаў грамадзянскай кампаніі «Наш дом» 19 красавіка скончыўся затрыманнямі і судамі над яго ўдзельнікамі. Фармальна ён быў прымеркаваны да  нядаўняга дня народзінаў журналіста і праваабаронцы Валерыя Шчукіна, але ягоныя “госці” збіраліся абмеркаваць і свае надзённыя пытанні – у  тым ліку сітуацыю з выхадам газет «Витебский курьер» и «Наш дом». Гэтым тлумачылася, у прыватнасці, прысутнасць там галоўнага рэдактара «ВК» Алега Баршэчўскага. У Фрунзенскае РУУС было дастаўлена 18 чалавек, увечары ўсіх адпусцілі, акрамя чатырох – Вольгі Карач, Паўла Левінава, Алега Баршчэўскага і Паўла Станеўскага. Ноч яны правялі ў ізалятары на Акрэсціна. 20 красавіка суд Фрунзенскага раёна Менску пакараў па абвінавачанню ў дробным хуліганстве – нецэнзурнай лаянцы (арт. 17.1 КаАП) В. Карач штрафам у памеры 20 б.в. (700 тыс. руб), А. Баршчэўскага і сябра БХК праваабаронцу П. Левінава арыштам тэрмінам на 10 сутак. Варта адзначыць, што ў дзень затрымання на П.Левінава быў складзены пратакол  аб падазрэнні ў датычнасці да тэракту ў метро 11 красавіка. Падчас разгляду справы П.Станеўскага з Гродна сведкі-міліцыянты настолькі блыталіся, што пратакол атрымалася быў складзены раней, чым адбыўся сам факт правапарушэння, таму матэрыялы суд адправіў на дапрацоўку. Аднак на выхадзе з будынку суда ён быў зноў падманам затрыманы і на наступны дзень пакараны 8-суткавым арыштам.

Віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку зноў забіралі ў ізалятар часовага ўтрымання. Дасланы па яго міліцэйскі канвой патлумачыў, што актывіст мусіць “адседзець” яшчэ 12 сутак – дабыць тэрмін арышту, з-пад якога яго выпусцілі 8 красавіка. Апазіцыянер адразу абвесціў, што будзе працягваць галадоўку пратэсту супраць несправядлівых, на яго думку, прысудаў і ўвогуле незаконнай дзейнасці сілавых структур.

20 красавіка маладафронтаўца Уладзіміра Шульжыцкага выклікалі ў пракуратуру Смаргонскага раёну на допыт наконт выбуху ў метро. Следчага зацікавілі здымкі, размешчаныя на інтэрнэт-старонцы актывіста, дзе той пазіруе з рознай зброяй часоў Другой усясьветнай вайны. Шульжыцкі патлумачыў, што фота былі зробленыя ў той час, калі ён здымаўся ў кіно.  У кватэры былі праведзены два ператрусы: канфіскавалі пнеўматычную зброю ды нажы, пазней - кампутар. І толькі ўвечары 21 красавіка ён быў адпушчаны. Суткі Шульжыцкі правёў у мясцовым КДБ.

 

Пераслед праваабаронцаў

Уначы 20 красавіка беларускія памежнікі знялі з цягніка «Кіеў-Менск» украінскую праваабаронцу Марыну Цапок, якая накіроўвалася ў Беларусь для аказання дапамогі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Персонай non-grata ў Беларусі аказаўся і намеснік кіраўніка Усеўкраінскай моладзевай арганізацыі «Фундацыі Рэгіянальных Ініцыятываў", сябра Грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных справаў Украіны Міхаіл Каменеў. 21 красавіка ён накіроўваўся ў Менск у якасці інфармацыйнага памочніка кіраўніка Міжнароднай місіі і пры перасячэнні ўкраінска-беларускай мяжы даведаўся, што знаходзіцца ў «спісе неўязных» у Беларусь. У сувязі з гэтым, Назіральны Савет Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі прыняў заяву аб парушэнні Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў АБСЕ аб садзейнічанні няўрадавым арганізацыям у назіранні за ўмовамі ў галіне чалавечага вымярэння.

 

Абмежаванні права на свабоду мірных сходаў

19 красавіка ў Менгарвыканкаме прайшла сустрэча заяўнікаў штогадовай вулічнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» з гарадскімі ўладамі. Сёлета спаўняецца 25 гадоў з дня трагічнай аварыі на Чанобыльскай АЭС, ад якой Беларусь пацярпела асабліва моцна. На сустрэчы прысутнічалі старшыня аргкамітэта «Чарнобыльскага шляха» Юры Хадыка і сакратар партыі БХД Дзяніс Садоўскі. У выніку заяўнікам дазволілі толькі мітынг ад 18 да 20 г. у Парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. У зборы ўдзельнікаў ля Акадэміі навук і традыцыйным шэсці адмоўлена.

21 красавіка прэс-канферэнцыя аргкамітэту "Чарнобыльскі шлях-2010" адбылася проста на прыступках гатэлю "Арбіта", паколькі замоўленая напярэдадні канферэнц-зала аказалася чамусьці занятай. Было агучана канчатковае рашэньне – не ісьці на канфрантацыю з уладамі і пагадзіцца на прапанаваны Менгарвыканкамам сцэнар. 

Адмоўлена ў правядзенні чарнобыльскіх пікетаў у шмат якіх гарадах Беларусі і нават рэгіёнах, найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.Так, у Оршы ў адзіным дазволеным уладамі месцы для правядзеньня пікетаў зладзілі атракцыёны, у выніку чаго праводзіць мерапрыемства там стала фізычна немагчыма. На просьбу ж заяўнікаў пікету правесьці яго за 50 мэтраў ад дазволенага месца улады адказалі адмовай. 22 красавіка старшыня гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў даведаўся, што Гарадзенскі гарвыканкам не задаволіў заяўку партыі на правядзенне пікету, прымеркаванага да угодкаў чарнобыльскай трагедыі. У Бабруйску адмоўлена ў правядзенні анагагічнага пікету на той падставе, што быццам бы заяўнікі акцыі належаць да незарэгістраваных арганізацый. Між тым, заяўнікамі пікета выступілі старшыня мясцовай суполкі АГП Віктар Бузінаеў і старшыня суполкі “Справядлівы свет” Альберт Секержыцкі, якія адправілі ў гарвыканкам адразу дзве заяўкі. Таксама забаронены мітынг, прысвечаны 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у Салігорску. Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў правесці чарнобыльскі пікет 26 красавіка на плошчы Леніна. Улады Гомеля адмовілі ў правядзенні акцыі на той падставе, што не былі заключаны дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнымі службамі.

 

Абмежаванні права на свабоду асацыяцыяў

22 красавіка ў Гаспадарчым судзе Менску адбылося папярэдняе паседжанне па позве партыі БНФ да  ЖРЭА Савецкага раёна Менску аб адмове ў працягу дамовы арэнды офіса. Разгляд справы прызначаны на 4 траўня. Беларускі ПЭН-Цэнтр па ініцыятыве шэф-рэдактара тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэя Дынько пачаў збор подпісаў пад Зваротам дзеячаў культуры да чыноўнікаў і грамадства з просьбай абараніць ад закрыцця Сядзібу БНФ як выспу свабоды і творчасці. 

 

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства