viasna on patreon

Суды за Плошчу: Зьміцеру Бандарэнку - 2 гады калоніі

2011 2011-04-27T12:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bandarenka1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Бандарэнка

Дзмітрый Бандарэнка

27 красавіка судзьдзя Тацяна Равінская агучыла прысуд каардынатару "Еўрапейскай Беларусі", даверанай асобе экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава Зьмітру Бандарэнку - 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

* * *

26 красавіка ў судзе  Першамайскага раёну Менску разглядаецца крымінальная справа каардынатара "Еўрапейскай Беларусі", даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Зьмітра Бандарэнкі. Яго абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс вядзе суддзя Тацяна Рывінская. Адвакат - Мар'яна Сямешка.

Як паведамляе Радыё "Свабода",  суд праходзіць у маленькай залі – прыкладна на 20-25 чалавек. Некалькі шэрагаў займаюць чальцы праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ.
У судзе не працуе мабільная сувязь. На працэсе прысутнічаюць дыпляматы краінаў Эўразьвязу, журналісты, палітыкі. Многія не змаглі патрапіць у судовую залю.

10-40. Прадстаўнікі органаў юстыцыі параілі журналістам не карыстацца ў залі суда ноўтбукамі. Пра гэта перадае “Інтэрфакс”.

11-00. Прадстаўнік абвінавачаньня лічыць Бандарэнку вінаватым у грубым парушэньні грамадзкага парадку і непадпарадкаваньні ўладам, паведамляе Інтэрфакс.

"Фактычна кіруючы выбарчай кампаніяй Саньнікава, зьдзейсьніў злачынства, якое выявілася ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак, спалучаных зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням органам улады і парушэньнем работы транспарту і арганізацый", - заявіў прадстаўнік абвінавачваньня.

Прадстаўнік абвінавачаньня ўдакладніў, што Бандарэнка перашкодзіў працы прадпрыемстваў "БелЕвросеть", пункта абмену валюты, станцыі мэтро "Кастрычніцкая" і Палацу культуры прафсаюзаў.

12-30. У судзе дапытваюць сьведак з боку міліцыі.

15-45.У судзе дапыталі 13 сведак – гэта супрацоўнікі Дзяржаўнай аўтаінспекцыі і кіроўцы грамадскага транспарту. Толькі адзін з усіх дапытаных сведак заявіў, што бачыў побач з Андрэем Саннікавым чалавека падобнага на Змітра Бандарэнку. Усе астатнія распавядалі, што насамрэч 19 снежня ў Мінску мела месца затрыманне руху аўтобусаў і некаторыя кіроўцы з-за гэтага мусілі згубіць , як яны адзначылі, некалькі кругоў у сваёй працы.

Тымчасам Мінтранс – мінскае аб’яднанне, якое займаецца перавозкай людзей, выставіла Змітру Бандарэнку зыск у памеры 50 долараў, але і гэты невялікі зыск быў аплочаны.

Сам Зміцер Бандарэнка ў судовым працэсе заявіў, што працэс з’яўляецца палітычным, а цяпер адзінае выйсце для яго – перамовы паміж уладай і дэмакратычнымі сіламі.

У працэсе абвешчаны невялікі перапынак у сувязі з тым, што ў суд не з’явіўся адзін з заяўленых сведкаў. Пасля гэтага судовыя слуханні працягнуцца.

Пракурор запатрабаваў тры гады зьняволеньня для Зьмітра Бандарэнкі, якога лічыць вінаватым ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Сам Бандарэнка вінаватым прызнаў сябе часткова і заклікаў судзьдзю вынесьці прысуд паводле закону і сумленьня.

Сябра штабу Андрэя Саньнікава Зьміцер Бандарэнка прызнаў, што выйшаў разам зь мітынгоўцамі на праезную частку праспэкту Незалежнасьці, з-за чаго быў перакрыты рух транспарту. Бандарэнка пагадзіўся з матэрыяльным пазовам «Менсктрансу» і ўжо кампэнсаваў страты —159 тысяч рублёў, якія выставіла арганізацыя апазыцыянэру.

Але падзеі, якія адбыліся на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня, Зьміцер Бандарэнка ня лічыць грубым парушэньнем грамадзкага парадку. У заключным слове абвінавачаны заявіў, што ўдзельнікі мітынгу, у тым ліку і ён, 19 сьнежня рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы, што яны пратэставалі супраць сфальшаваных выбараў і што прыйдзе час, калі шмат каго спытаюць: чаму не пратэставаў ён? Паводле Зьмітра Бандарэнкі сапраўдныя страты — на мільярды даляраў — нанесьлі краіне тыя, хто пасадзіў за краты кандыдатаў на прэзыдэнта і перашкодзіў дэмакратычнаму выхаду краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу. Завяршаючы выступ, Зьміцер Бандарэнка зьвярнуўся да судзьдзя Тацяны Равінскай:
«Наш слоган быў такі: гісторыя робіцца сёньня, гісторыю робім мы. Першую частку слогана я прыдумаў, другую — Андрэй Саньнікаў. І сапраўды, сёньня робіцца гісторыя. Высокі суд! На вас з надзеяй глядзіць наша сям’я, на вас з надзеяй глядзяць вельмі шмат грамадзянаў Беларусі. На вас з надзеяй глядзяць шмат людзей, якія цікавяцца сытуацыяй у Беларусі. Як кажуць, узмах матылька можа нарадзіць новы сусьвет. Беларускі суд валодае сілай, большай за ўзмах матылька. Мой лёс у вашых руках, але, магчыма, болей, чым мой лёс. Але, я гатовы прыняць любое ваша рашэньне».

Прысуд судзьдзя Тацяна Равінская агучыць 27 красавіка а 10:30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства