Уладзімер Кацора – намесьнік старшыні Гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб'яднаньня "Прававая ініцыятыва" – знаходзячыся пад арыштам, абвесьціў галадоўку
Аб гэтым 24 красавіка belngo.info паведаміў сябра гомельскага Фонду імя Лява Сапегі Васіль Палякоў.
У.Кацора пачаў галадоўку 18 красавіка, калі быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня Упраўленьня ўнутраных справаў Гомельскай вобласьці (г. Гомель, на Міжгародняй вуліцы, 26). У заяве начальніку ізалятару ён напісаў, што лічыць свой арышт незаконным, і пачынае галадоўку на знак пратэсту. Супрацоўнікі ізалятару паказалі заяву сябрам Уладзімера падчас прыёму перадачы для арыштаванага.
У.Кацора рыхтаваў мітынг ў Гомелі да 20-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 18 красавіка яго затрымала міліцыя. Грамадзкага актывіста абвінавацілі ў тым, што ўлёткі з запрашэньнем на мітынг распаўсюджваліся да таго, як улады далі адказ на заяву аб правядзеньні масавага мерапрыемства. У судзе гэтага ж раёну суддзя Віталь Козыраў пастанавіў арыштаваць сп.Кацору на 10 сутак. А 20 красавіка выканкам Гомельскай вобласьці адмовіў у дазволе на правядзеньне мітынгу. Цяпер у Гомелі распаўсюджваюцца ўлёткі, у якіх тлумачыцца, што мітынг не адбудзецца з-за забароны ўладаў.