Суды за Плошчу: Саннікаў, Васілевіч, Гнедчык, Мірзаянаў, Яроменак
13 траўня ў судзе Партызанскага раёну пракурор Антон Загорскі коратка паўтарыў абвінавачанні падсудным і запатрабаваў пакаранне: для А.Саннікава - 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, І. Васілевіча - 3 гады, А. Гнедчыка – 4 гады, Ф. Мірзаянава - 3 гады, Ул. Яроменка - 3 гады.
Паводле Радыё Свабода, у прыватнасці, пракурор зазначыў, што Яроменак прызнаў сваю віну і пацвердзіў, што перад Плошчай купіў 2 манціроўкі; Гнедчык прызнаў сваю віну часткова, прызнаў, што нанёс каля 3-х удараў. Васілевіч віну не прызнаў; Мірзаянаў віну не прызнаў цалкам; Саннікаў віну сваю не прызнаў, але прызнаў, што цягам кампаніі заклікаў людзей на Плошчу, выказваў патрабаванні аб правядзенні перамоваў і падыходзіў да Дома Ураду, а таксама заклікаў грамадзянаў не падавацца на правакацыі.
Паводле пракурора, цягам судовага працэсу была ўстаноўленая вінаватасць падсудных у поўнай меры. Пры гэтым ён спаслаўся на паказанні сведкаў міліцыянтаў, супрацоўнікаў ДАІ, пацярпелых спецназаўцаў.
Наступнымі выступілі адвакаты, а таксама ўсе падсудныя з апошнім словам.
Пасля гэтага было паведамлена, што прысуд абвесцяць заўтра, 14 траўня, а 16-й гадзіне.
***
12 траўня ў судзе экс-кандыдат
Андрэй Саннікаў патлумачыў, чаму яго паказанні падчас папярэдняга следства разыходзяцца
з тымі, што ён дае цяпер. Падсудны заявіў, што яго катавалі ў КДБ, фактычна паўтарыўшы
тое, пра што раней распавёў экс-кандыдат Алесь Міхалевіч.
“Моцна збітага мяне адвезлі ў
СІЗА, пратрымалі пяць гадзін у памяшканні без магчымасці нават схадзіць у туалет.
Потым перавялі ў камеру без месцаў, пад нарамі, з хворай нагой, там было
вельмі цяжка знаходзіцца. У камеры вельмі холадна. Я пісаў заяву, што
прымяняюцца катаванні.
Нават калі далі месца, то ляжаў тварам да святла, прымушалі не мяняць позы. Калі я засынаў і пераварочваўся ў сне, то будзілі ўсю камеру і прымушалі легчы ў тую ж позу.
Зноў перавялі ў іншую камеру, пад нары. Цябе выводзяць з камеры з усімі рэчамі — матрац, пасцельныя прыналежнасці, гоняць па крутой лесвіцы ўніз, людзі ў масках. Яны былі добра падрыхтаваныя, агрэсіўныя. Калоцяць дубінкамі па лесвіцы, сценах, крычаць нечалавечымі галасамі. Заводзяць у сутарэнні, дзе раздзяваюць дагала. Ставяць на расцяжку да сценкі. Прымушаюць прысядаць, нягледзячы на тое, што ў мяне хворая нага.
Потым дазваляюць адзецца. У прысутнасці трох чалавек у масцы. Такое рабілася штодзённа. Я быў пазбаўлены права на перапіску.
Людзі ў масках дазвалялі ўдары дубінкамі па спіне, тычкі. Я быў у скоцкім стане, пад нарамі, з хворай нагой.
Рэкамендавалі пісаць заяву на імя Лукашэнкі, як іншых кандыдатаў. Я даведаўся, што майго сына хацелі скрасці службы апекі. Мне было сказана КДБшнікамі, калі я хачу дапамагчы жонцы, то я павінен даваць паказанні.
31 снежня ў мяне была прымусовая гутарка з старшынём КДБ Вадзімам Зайцавым, які пагражаў жыццём і здароўем жонкі і дзіцяці. Калі я адмовіўся, што Зайцаў сказаў, што супраць іх будуць больш жорсткія метады. Я быў уражаны. І зразумеў, што ад мяне залежыць жыццё жонкі і дзіцяці.
Са мной працаваў оперупаўнаважаны Фяцісаў, які рыхтаваў мяне да допытаў. Ён казаў, што трэба гаварыць. Яго цікавіла фінансаванне, мае кантакты з замежнікамі.
Цяпер я тлумачу, чаму мае паказанні ў ходзе папярэдняга следства не супадаюць з тымі, што я даю цяпер”, - прыводзіць словы А.Саннікава Наша Ніва.
***
11 траўня - восьмы дзень судовага працэсу.
У першай палове паседжання абвінавачванне планавала прадставіць запіс праслушкі тэлефонных размоваў экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Аднак Саннікаў выступіў катэгарычна супраць, паколькі расцэньвае праслушку яго размоваў грубым умяшаннем у прыватнае жыццё. Абаронцы цалкам падтрымалі падсуднага. Тады абвінаваўца прапанаваў праслухаць запісы ў закрытым рэжыме. Суддзя падтрымала гэтае хадайніцтва і перавяла паседжанне ў закрыты рэжым – перадае Радыё Свабода.
Пазней у закрытым працэсе быў абвешчаны перапынак. Рэч у тым, што адна з размоваў Саннікава, якая фігуруе ў справе, не расшыфраваная цалкам і там не зразумела, пра што ідзе гаворка. Адвакаты папрасілі правесці фанаскапічную экспертызу і даслоўна аднавіць размову.
У другой палове паседжання ідзе прагляд відэаматэрыялаў справы.
***
10 траўня суддзя Наталля Чацвертакова адхіліла хадайніцтва абароны пра допыт І.Халіп і Зм.Бандарэнкі, а таксама Карзюка. Паводле Радыё Свабода, адвакат Саннікава Варвашэвіч, які настойваў на выкліку ў якасці сведак Халіп і Бандарэнкі, запытаўся ў суддзі, чым матываваная адмова. У выпадку адмовы выклікаць іх у суд адвакат прасіў агучыць ранейшыя паказанні Бандарэнкі ў судзе. Усе бакі працэсу падтрымалі хадайніцтва адваката Варвашэвіча. Суддзя сказала, што адмовіла "на цяперашняй стадыі працэсу", бо і так заяўлена 40 сведкаў, якія яшчэ не дапытаныя.
Сярод дапытаных 10 траўня сведкаў - праваабаронцы Алена Танкачова і Алег Волчак.
***
5 – 6 траўня
ў судовым
працэсе па крымінальнай справе экс-кандыдата А.Саннікава і чатырох удзельнікаў Плошчы-2010 І.Васілевіча, А.Гнедчыка,
Ф.Мірзаянава і У.Яроменка адбываўся допыт сведак, прагляд відэаматэрыялаў і пісьмовых
матэрыялаў справы.
6 траўня адвакаты заявілі
хадайніцтва пра дадатковы допыт Ірыны
Халіп і Змітра Бандарэнкі (павінна
разглядацца 10 траўня, пасля перапынку на выходныя).
***
4 траўня пасля перапынку ў судзе Партызанскага раёна Менска працягваецца працэс па справе Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі. Сёння працягваецца допыт сведкаў з боку абароны, распачаты 29 красавіка. У гэтай якасці ў суд выкліканы экс-кандыдаты ў прэзідэнты Яраслаў Раманчук і Віталь Рымашэўскі, а таксама намесніца старшыні Маладога Фронту Наста Палажанка.
У першай палове паседжання былі дапытаныя сведкі Дзмітрый Новік (асуджаны па справе аб масавых беспарадках на тры з паловай гады пазбаўлення волі) і Віталь Рымашэўскі (фігурант справы аб масавых беспарадках, якому перапрад'яўлена абвінавачанне па арт. 342 КК і суд над якім пачынаецца заўтра ў судзе Фрунзенскага раёна Менска).
Паводле В.Рымашэўскага, падчас падзеяў 19 снежня ён не каардынаваў свае дзеянні з кандыдатам А.Саннікавым.
Паказанні Віталя Рымашэўскага цытуе Радыё Свабода:
Рымашэўскі кажа, што ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі, быў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці.
"Мы спрабавалі каардынаваць сваю дзейнасьць зь іншымі кандыдатамі, заклікалі да супольнай працы. Многія з нас мелі аднолькавыя погляды на тое, што ў краіне павінна быць дэмакратыя. Нашыя погляды супадалі. Што да каардынацыі Плошчы, то з Саньнікавым у нас на гэты конт не было сустрэч і каардынацыі", – кажа Рымашэўскі.
Рымашэўскі прызнаў, што ён заклікаў на Плошчу, зьбіраў сваіх актывістаў 19 сьнежня ля Чыгуначнага вакзалу – разам зь ім пайшло каля тысячы чалавек. "Мы казалі, што шэсьце нашае мірнае, і калі ёсьць п'яныя, альбо калі, хто мае якія рэчы, якія б маглі выклікаць падазрэньне міліцыі, то будзем такіх перадаваць супрацоўнікам унутраных справаў. І аднаго п'янага мы перадалі міліцыі”, – кажа ён.
"Калі мы жывем не ў таталітарнай дзяржаве, дзе за іншадумства могуць расстраляць ці кінуць у турму, то мы маем права выказаць нязгоду з вынікам выбараў".
"На Кастрычніцкай плошчы былі прапановы пайсьці да Адміністрацыі прэзыдэнта і ўзяць яе ў ланцуг, каб не дапусьціць там нападу і пабіцьця шыбаў. Але па якой прычыне людзеі зьмянілі накірунак руху і пайшлі на Плошчу незалежнасьці, я ня ведаю. Тыя ж, хто прарваў першы ланцуг міліцыі на Кастрычніцкай плошчы і пайшлі на праспэкт, не былі з маёй каманды. І, наколькі я ведаю, не з каманд іншых кандыдатаў. І іх цяпер ня судзяць, ні ў гэтым парцэсе, ні ў іншых".
"Агульнага плану Плошчы не было. На мы плошчу прыйшлі толькі з дамоўленасьцю, вырашыць на месцы, што рабіць далей. Было 7 дэмакратычных кандыдатаў, і ніхто зь іх асобна кіраваць мітынгам ня мог".
Рымашэўскі зазначыў, што у часе руху калёны заклікаў ДАІ вызваліць частку праспэкту для руху людзей, але людзі ўжо былі на праезднай частцы, рух машынаў і так спыніўся.
Рымашэўскі кажа, што на Плошчы незалежнасьці людзей удалося пераканаць сысьці з праезднай часткі. Чыя на Плошчы была аўдыёапаратура, ён ня ведае.
Тое, што далей адбылося на Плошчы незалежнасьці Рымашэўскі апісаў так: "Пасьля кароткага мітынга прагучаў заклік ісьці да Дома ўраду з патрабаваньнем перамоваў. Сам па сабе такі заклік мог скончыцца мірна, як гэта было 24 кастрычніка. Я не ішоў першым, і падыйшоўшы пачуў звон шкла і праз некалькі хвілінаў я паспрабаваў спыніць гэта. Я спыняў людзей, але адзін гэта зрабіць ня здолеў, тадыя я паспрабаваў сабраць людзей і выставіць ланцуг. Гэта ўжо амаль удалося, але ў гэты момант выйшаў спэцназ. Пасьля таго як спэцназ разагнаў людзей ад Дому ўраду я выйшаў на трыбуну і заявіў, што гэта парвакацыя і заклікаў людзей не пададвацца і здаваць пагромшчыкаў міліцыі".
Рымашэўскі пазнаў Мірзаянава і сказаў, што той паводзіў сябе неагрэсыўна і дапамагаў яму бараніць дзьверы Дома ўраду ад пагромшчыкаў.
Рымашэўскі кажа, што спрабаваў заклікаць да перамоў са спэцназам, пераконваў міліцыянта Яўсеева ня біць людзей, “але мяне ня слухалі”.
"Мы разумелі, што для нас былі небясьпечныя радыкальныя заклікі, таму мы мелі адзіную пазыцыю, заклікалі не паддавацца на правакацыю. Казалі гэта адзін за другім: і я, і Саньнікаў. Калі б мы гэтага не рабілі, то наступствы маглі быць нашмат горшымі. Ахвяраў 19 сьнежня было б нашмат больш".
"Калі правакатары пачалі біць шыбы, быў агульны стан разгубленасьці", – сьцьвярджае Рымашэўскі.
"Калі людзі пасьля зьяўленьня спэцназу адбеглі ад ганку Дома ўраду, я застаўся, наіўна спадзяючыся паразмаўляць з камандзірамі. Але адзін малады супрацоўнік спэцназу пачаў мяне біць дубінкай, так што я пачаў губляць прытомнасьць. Гэта здымаў на відэа апэратар КДБ".
Паводле Нашай Нівы, Наста Палажанка распавяла, што на Кастрычніцкай плошчы сабралася 40 тыс. чалавек. Заклікаў ісці на Плошчу Незалежнасці не чула.
Пракурор запытаў Палажанку, у якасці каго яна была на Плошчы - яна адказала, што была там у якасці грамадзянкі Беларусі.
Наста распавяла, што першыя шыбы ў Доме Урада пабілі людзі, якія былі на Плошчы загадзя. Яны пачалі біць вокны ў той момант, калі ля помніка Леніна пачаўся мітынг. Палажанка заўважыла, што біць вокны пачалі 2-3 чалавекі , іх ніхто не затрымліваў, яна іх не пазнала - ніколі раней не бачыла.
Дадае, што спецназ не замінаў біць шыбы, што толькі пазней з'явіўся на Плошчы і пачаў збіваць усіх удзельнікаў без разбору.
У размове з адвакатам Наста распавяла, што на Кастрычніцкай плошчы ўжо не хапала месца ўсім дэманстрантам і таму яны выйшлі на праспект. Таксама распавяла, што ніхто з кандыдатаў не заклікаў граміць будынкі, яны толькі гаварылі аб фальсіфкацыі выбараў. Палажанка паўтарыла тое, што акцыя была выключна мірнай.
Наста Палажанка зазначыла, што называць падзеі вечара 19 снежня на Плошчы Незалежнасці беспарадкамі - глупства. Яна таксама лічыць, што гэта вельмі страшна, калі ў краіне з'яўляюцца асуджаныя за тыя падзеі. «Ніхто не верыць у масавыя беспарадкі, ніхто не верыць у 80%. Я спадзяюся, што Высокі суд таксама гэта разумее», - кажа яна.
У размове з адвакатамі дзяўчына заявіла, што на Плошчы масавыя беспарадкі чынілі акурат спецназаўцы. Яна кажа, што супрацоўнікі міліцыі абсалютна вольна сябе пачувалі, збіваючы людзей.
Суддзя запытала ў Палажанкі, што яна ведае аб магчымых перамовах апазіцыі і прадстаўнікоў урада. Наста адказала, што ведае аб такой прапанове Саннікава.
Пасля допыту апошняга на сёння сведкі - экс-кандыдата Яраслава Раманчука - суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.
***
29 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Менска ў крымінальным працэсе па справе Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі адбываецца допыт сведак з боку абароны. Суддзя Наталля Чацвертакова задаволіла адпаведнае хадайніцтва адвакаткі А.Саннікава Кавалеўскай. У якасці сведак, якіх усяго 19 чалавек, - і праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч.
Паказанні Алеся Бяляцкага цытуе Interfax.by:
"Я памятаю "Чарнобыльскі шлях" у 96-ым годзе, калі там працавалі
экстрэмісты з іншых краін, украінскія нацыяналісты. Такога на плошчы не было. У
цэлым акцыя з боку ўдзельнікаў была дрэнна арганізавана", - сказаў ён.
А. Бяляцкі дадаў, што праваахоўныя
органы не змаглі забяспечыць мірнае ўзаемадзеянне з удзельнікамі масавай акцыі
на плошчы Незалежнасці 19 снежня. "Міліцыя павінна
была забяспечыць узаемадзеянне з людзьмі, якія прыйшлі на плошчу Незалежнасці.
Гэтага не было, была нейкая смешная правакацыя", - сказаў А. Бяляцкі.
Ён звярнуў увагу, што на акцыі не
было ніякіх экстрэмісцкіх груп, якія маглі б заклікаць удзельнікаў да супраціву
міліцыі.
А. Бяляцкі таксама паведаміў, што акцыя
першапачаткова задумвалася як мірнае мерапрыемства. Такія
высновы ён зрабіў на падставе паведамленняў у СМІ і выступаў кандыдатаў. "Тым больш дзіўна гучалі пагрозы з боку праваахоўных органаў,
адміністрацыі прэзідэнта, сілавых органаў. Напярэдадні таксама не было ніякіх
падставаў, ніякіх фактаў, якія б гаварылі аб тым, што акцыя будзе суправаджацца
гвалтам", - сказаў ён.
Паводле яго ацэнак, пасля 20:00 на
Кастрычніцкай плошчы знаходзілася 20-30 тыс. чалавек. У
руках ўдзельнікаў не было ні арматуры,
ні гаручых матэрыялаў. Акрамя таго, "не было
п'яных", адзначыў А. Бяляцкі.
Гаворачы аб падзеях на плошчы
Незалежнасці, ён паведаміў, што знаходзіўся на другім баку плошчы, каля будынку
Мінгарвыканкаму, і не чуў адтуль, што ў Доме ўрада білі шкло.
А. Бяляцкі паведаміў, што ва ўсіх,
хто сабраўся на акцыю, быў спакойны настрой. Праяваў
агрэсіі ні з чыйго боку ён не бачыў.
Сведка таксама падкрэсліў, што на
мітынгу, які праходзіў ля помніка Леніну, ніхто з выступоўцаў кандыдатаў не
заяўляў аб неабходнасці захопу Дома ўрада. "Гучалі
заявы аб тым, што неабходныя перамовы з урадам. Заклікі
падысці бліжэй да помніка сталі раздавацца тады, калі пачалося адцісненне
ўдзельнікаў АМАПам", - сказаў А. Бяляцкі.
"Я расцэньваю дзеянні міліцыі
як абсалютна безадказныя. Міліцыя не змагла наладзіць кантакт з лідэрамі акцыі.
Калі б гэта стала магчымым, не было б цяпер гэтага працэсу", - сказаў А.
Бяляцкі.
Паводле Interfax.by, у сваіх паказаннях Уладзімір Лабковіч заяўляе, што супрацоўнікі спецслужбаў, якія знаходзіліся ў ноч з 19 на 20 снежня каля цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду, не сталі прадухіляць біццё шкла ўдзельнікамі несанкцыянаванай акцыі.
Як паведамляе карэспандэнт агенцтва "Інтэрфакс-Захад", па словах сведкі, "шкло білі 10-15 чалавек, вакол іх было шмат журналістаў. Таксама каля ўваходу знаходзіліся супрацоўнікі спецслужбаў, якіх можна было апазнаць па сродках спецсувязі". Яны, па словах У. Лабковіча, "не ўмешваліся ў тое, што адбываецца".
"Алег Гулак, які знаходзіўся разам са мной, спытаў у іх, чаму яны не ўмешваюцца, бо акцыя мірная, і толькі 10 чалавек парушаюць грамадскі парадак. Афіцэры адказалі, што яны тут проста стаяць, іх тут усё задавальняе і не хвалюе", - сказаў сведка.
У. Лабковіч паведаміў таксама, што А. Саннікаў у сваім выступе на плошчы Незалежнасці каля помніка Леніну казаў пра тое, што "мы - мірныя людзі, але ў нас няма даверу да таго, што адбываецца". Ён казаў, што "мы сабраліся на мірную акцыю", і заклікаў людзей да парадку і спакою.
Потым, па словах У. Лабковіча, "пачуўся звон шыбаў на ганку ўрадавага будынка". Ён не змог патлумачыць суду, дзе ў гэты момант знаходзіўся А. Саннікаў, аднак адзначыў, што быў у 20 кроках ад месца здарэння і бачыў тых людзей, якія білі шкло, аднак не змог разглядзець іх твары.
У. Лабковіч дадаў, што пазней, праходзячы па жывым калідоры ад помніка Леніна да ганка Дома ўрада, А. Саннікаў, які ішоў у суправаджэнні жанчыны, па ўсёй верагоднасці, сваёй жонкі Ірыны Халіп, папярэджваў людзей аб недапушчальнасці паддавацца на правакацыі супрацоўнікаў міліцыі.
***
28 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Менска працягваецца крымінальны працэс па справе Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі.
У якасці пацярпелых выступаюць тыя ж асобы, што фігуравалі ў справе Мікіты Ліхавіда - супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, якія 19-га снежня 2010г. ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку і прыбылі да Дому Урада, каб прысякаць супрацьпраўныя дзеянні дэманстрантаў.
У справе ўсяго фігуруе 29 пацярпелых міліцыянтаў. Аднак дапытаныя сёння ў працэсе былі толькі восем з іх - намеснік камандзіра роты ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Лушчык, старэйшы эксперт Савецкага РУУС Юрый Сарока, спецназаўцы Руслан Волкаў, Дзяніс Гушчак, Ігар Зянькевіч, Аляксей Сакач, Віталь Піліпейка, Дзмітрый Скараход. Як перадае карэспандэнт Нашай Нівы з залі суда, 18 спецназаўцаў знаходзяцца ў адпачынку, адзін - на амбулатурным абследаванні. Іх з'яўленне у суд немагчымае.
***
27 красавіка суд Партызанскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Менску 19 снежня 2010 года, якіх вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядае суддзя Наталля Чацвертакова.
Судовы працэс адбываецца ў залі на 60 месцаў.
9.55 Людзей запусьцілі ў залю. Тут родныя зьняволеных, прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Швэцыі, Расеі, праваабаронцы, журналісты. Дазволены фота- і відэаздымкі. (Радыё Свабода)
Дзяржаўны абвінаваўца – Антон Загароўскі.
Адвакаты: у А.Саннікава - Варвашэвіч і Кавалеўская, І.Васілевіча – Белая, Ф.Мірзаянава – Галіеў, А.Гнедчыка – Іванова, У.Яроменка - Мушынскі.
Адвакат Варвашэвіч прасіў суд пра замену меры стрымання для А.Саннікава – з арышту на падпіску аб нявыездзе альбо хатні арышт. Суд не задаволіў хадайніцтва - паколькі абвінавачаным пагражае пакаранне больш за 2 гады зняволення і іх учынак лічыцца цяжкім злачынствам.
У абвінавачанні Саннікаву пракурор сцвярджаў, што ён у сваіх выступах па радыё і ТБ, на сходах і мітынгах заклікаў неаднаразова выбарнікаў прыйсці на несанкцыянаваны мітынг на Кастычніцкую плошчу Менска. І на мітынгу ён заявіў пра нелегітамнасць выбараў - агучыў на мітынгу "заведама іжлывыя звесткі", а потым разам з іншымі кандыдатамі арганізаваў шэсце па праспекце Незалежнасці, што перашкодзіла працы розных устаноў, банкаў, Макдоналдса і транспарту. Макдоналдс заявіў пра 8 мільёнаў неатрыманай выгады. (паводле Радыё Свабода)
Афіцыйнае абвінавачванне падсудным, якое зачытаў пракурор, датычыць масавых беспарадкаў - пагромы, падпалы, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў, гвалт над асобай.
Паводле пракурора, мітынгоўцы былі ўзброеныя запальваючымі сумясямі, сякерамі, ледарубамі, рыдлёўкамі, завостранымі палкамі. Таксама сцвярджаецца, што абвінавачаныя прыйшлі на Плошчу пад надуманым повадам фальсіфікацыі выбараў, далучыліся да натоўпу. Іх дзеянні прывялі да шматлікіх траўмаў супрацоўнікаў міліцыі. Пацярпелымі фігуруюць тыя ж асобы, што на судзе над Мікітам Ліхавідам. Таксама гаворыцца пра нанясенне матэрыяльнай шкоды, зноў фігурае мажжавельнік казацкі. (паводле Нашай Нівы)
А.Саннікаў, І.Васілевіч, Ф.Мірзаянаў віну не прызналі цалкам.
А.Гнедчык прызнаў абвінавачванне часткова - што ўдзельнічаў у акцыі, але ў падпалах, узброеным супраціве не прымаў удзелу.
У.Яроменак прызнаў сваю віную цалкам.
***
Допыты абвінавачаных (паводле Нашай Нівы)
Уладзімір Яроменак у сваіх паказаннях адзначыў, што што цалкам прызнае сваю віну. Ён наносіў ударыпа дзвярах Дома ўрада. «Магчыма, не да канца разумеў, што рабіў». Сказаў, што ведаў аб парушэнні заканадаўства.
Прызнаўся, што меў з сабой фомку, але не данёс яе да Кастрычніцкай плошчы, выкінуў па дарозе. Фомка была ў мэтах бяспекі, калі акцыя не будзе мірнай. Уладзімір раскаіўся ў сваіх учынках.
Тым не менш, ён прызнаў, што былі правакацыі. Нехта з ганка дома ўрада крычаў: «Эй, беларусы, ідзіце сюды». Ён падбег на гэты заклік.
Фёдар Мірзаянаў папытаўся, ці рэкамендавалі супрацоўнікі КДБ Яроменку прызнацца ў здзейсненым. Адказаў, што так: у выпадку прызнання абяцалі адпусціць дадому.
Ілля Васілевіч прызнаўся, што нанёс некалькі ўдараў па шкле дома ўрада. Кажа, што такім чынам ён спрабаваў перадухіліць магчымую небяспеку. Калі б міліцыя націснула на людзей на ганку дома ўрада, то маглі б быць траўмы. Менавіта таму Васілевіч біў астаткі шкла.
Васілевіч на Плошчы быў у масцы, бо баяўся адлічэння з каледжа, але гэта яго не выратавала, бо 3 студзеня хлопца адлічылі.
Сказаў, што прыйшоў на Плошчу, каб паслухаць кандыдатаў у прэзідэнты. Паказанні не супадаюць з тымі, што хлопец даваў падчас папярэдняга следства. Васілевіч сказаў, што на яго аказваўся псіхалагічны ціск, каб ён даў такія паказанні.
Паказаў, што супрацоўнікі КДБ і іншых спецслужб пагражалі яму, прасілі абгаварыць кандыдатаў у прэзідэнты, прызнацца ў атрыманні грошай.
Па ацэнках Васілевіча, на Плошчы было 25 тысяч чалавек. Сваёй віны ён не прызнаў.
Алег Гнедчык сказаў, што нанёс каля 15 штуршкоў і ўдараў.
Адзначыў, што Рымашэўскі заклікаў не дапускаць правакацый. Што ніякіх заклікаў ад кандыдатаў штурмаваць Дом урада не было. Ён не бачыў супрацоўнікаў праваахоўных органаў на ганку Дома ўрада. Затое бачыў ледаруб у руках некага з удзельнікаў, а таксама адну палку.
Фёдар Мірзаянаў сказаў, што прыехаў на Плошчу па закліку Яраслава Раманчука, які пачуў па БТ.
Адзначыў, што спрабаваў не прапусціць правакатараў на ганак Дома ўрада, ён стаяў у шэрагу людзей. Калі першы раз падышоў спецназ, то Мірзаянава адкінула да ганка Дома ўрада. Хлопец таксама сказаў, што спрабаваў прыбраць шкло, каб не дапусціць ранення людзей. Асабіста ён не наносіў удары.
Таксама заявіў пра ціск. 25 студзеня начальнік следчага ўпраўлення Казакевіч прапанаваў Мірзаянаву сказаць, што кандыдаты давалі грошы яму за ўдзел, тады ён будзе праходзіць як сведка. Сказаў, што часткова прызнаў віну, бо яго абяцалі выпусціць з Валадаркі ў выпадку прызнання.
Па ацэнках Мірзаянава, на Плошчы было 30 тысяч чалавек. Прыкладна такую ж лічбу назвалі і іншыя абвінавачаныя.
Андрэй Саннікаў заклікаў суддзю дзейнічаць паводле закона і сказаў, што справа мае відавочную палітычную афарбоўку.
На пытанне пракурора, ці заклікаў ён прыходзіць людзей 19 снежня на Плошчу, адказаў, што так, у тым ліку ў СМІ, і сустрэчах з выбарцамі. «З іншымі кандыдатамі я свае дзеянні не каардынаваў, хоць і ведаў, што яны таксама заклікалі на Плошчу. Ніякага сумеснага планавання Плошчы не было. Указанняў прыходзіць я не даваў».
Прыбыў на Плошчу разам з жонкай і сябрамі. Прызнаў, што на Кастрычніцкай звяртаўся да людзей. «Калі прынялі рашэнне перасоўвацца ў бок плошчы Незалежнасці. На Кастрычніцкай плошчы было некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, але не быў закрыты каток, гучна грала музыка. Кандыдаты не маглі звярнуцца да людзей, каб іх пачулі. Нехта паведаміў, што ў Палацы прафсаюзаў знаходзяцца амапаўцы і вось-вось яны пачнуць разгон. Паколькі імавернасць такога была вялікай, то мы вырашылі пайсці».
«Рух адбываўся па праезнай частцы. Не было зваротаў ДПС спыніць рух на праезнай частцы. ДАІшнікі стаялі па цэнтру дарогі, мітынгоўцы іх проста абышлі. Я разам з жонкай падышоў да іх, каб сказаць, што трэба падтрымліваць парадак. Я рухаўся ў цэнтры калоны. Заклікаў разысціся не было. Я ведаў, што акцыя несанкцыянаваная».
«Я прыйшоў на плошчу Незалежнасці троху пазней, чым астатнія кандыдаты. Я пабачыў, што некалькі кандыдатаў стаяць ля касцёла, я падышоў да іх. Разам мы рушылі ўбок помніка Леніна. Я не заклікаў людзей ісці па праезнай частцы. Мы паўтаралі, што хочам перамоваў. За гэта прагаласавалі тысячы людзей на Кастрычніцкай плошчы».
«Важны быў сам факт перамоваў. Я разлічваў, што знойдуцца ва ўрадзе смелыя людзі, якія прызнаюць наяўнасць крызісу.
Я пачуў звон шкла ля Дома ўрада, пайшоў паглядзець, што там адбываецца. Нічога толкам не пабачыў. Сказаў, што гэта правакацыя. Сказаў, што яе трэба спыніць. Гэта ж сказаў Рымашэўскі. У гэты час пайшоў першы ланцужок спецназа».
Саннікаў адзначыў, што сказаў спецназаўцам, каб яны клікалі начальства, ён гатовы да перамоваў, але ніхто не прыйшоў.
Калі кандыдат у прэзідэнты зайшоў на ганак, то шкло ўжо было пабітае. «Калі я адышоў да помніка Леніна, то ўжо пачалося рассячэнне».
«Я хутка атрымаў удар нечым цяжкім па назе, а таксама па галаве. Відаць, на нейкі час страціў прытомнасць. Ведаю, што жонка і мой кіроўца закрывалі мяне сабой. Калі прыйшоў у сябе, то ўстаў толькі пры дапамозе Леаніда Навіцкага і сваёй жонкі. Яны мне сказалі, што трэба ехаць у бальніцу. Знаёмы журналіст прапанаваў падвезці. Мы селі да яго ў машыну і паехалі ў шпіталь. На плошчы Перамогі нас падрэзала машына ДАІ. Я спрабаваў давесці, што траўмаваны. Але мяне вырвалі з машыны, нанеслі некалькі ўдараў ботамі, паклалі ў снег. Нас пасадзілі ў розныя машыны, і адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна».
«На Акрэсціна мне сказалі, што траўма сур’ёзная, і мяне адвязуць у бальніцу. Замест гэтага завезлі ў „амерыканку“.
На Плошчы былі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі, еўрапейскія, але ніякіх ледарубаў не было. Гэта было абсалютна мірнае шэсце людзей, якія ішлі з надзеяй на лепшае».
«Абсалютная лухта — ніякіх масавых беспарадкаў я не арганізоўваў. Я заўсёды казаў, што мы будзем выконваць Канстытуцыю».
Зазначыў, што існуе традыцыя, калі ў дзень выбараў людзі збіраюцца на мірную акцыю, каб сказаць, што краіне патрэбныя змены.