viasna on patreon

Суд над віцебскім журналістам Уладзіславам Стараверавым працягнецца 10 траўня

2011 2011-04-27T15:31:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-staraveray-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 красавіка працэс распачала суддзя Кастрычніцкага райсуду Алеся Жарыкава. У якасці сведкаў з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якім не падабалася, што журналіст іх фатаграфуе, і віцебскія актывісты, гатовыя распавесці пра тое, як жорстка міліцыянты збівалі Уладзіслава Стараверава падчас затрымання.

Журналіста судзяць за нецэнзурную лаянку і непадарадкаванне міліцыянтам. Хаця прычына, па якой Уладзіслаў Старавераў трапіў у пастарунак, а потым у ізалятар часовага ўтрымання і ў суд, была іншая, лічыць віцебская апазіцыянерка Тацяна Севярынец: “Мы сабраліся на малебен каля крыжа на Ўспенскай горцы, недалёка ад Успенскага сабору. Я пачула нейкую валтузню, азірнулася – а там людзі ў цывільным і ў міліцэйскай форме паклалі Ўладзіслава Стараверава тварам на брукаванку і збіваюць яго нагамі і рукамі. Адзін з гэтых людзей, моцнага целаскладу, увесь час крычаў :”Ты не будзеш мяне фатаграфаваць!” Як высветлілася пазней, гэта быў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч”.

Уладзіслаў Старавераў увогуле не бачыў, хто на яго накінуўся: “Я збіраўся рабіць фотарэпартаж пра “чарнобыльскую” акцыю ў Віцебску.  Але нейкія людзі наляцелі ззаду, нехта заламіў рукі. Гэтыя людзі не назвалі сябе, увогуле нічога не сказалі. Паламалі фотаапарат – пашкодзілі аб’ектыў, на руках засталіся сінякі. Я мяркую, што трэба засведчыць цялесныя пашкоджанні, а потым я абавязкова звярнуся ў пракуратуру – каб там далі ацэнку дзеянням міліцыянтаў”.

Затрыманне з прымяненнем фізічнай сілы стала для хлопца дадатковым шокам – некалькі дзен таму ён пахаваў маці, і  агульны стрэс прывёў да таго, што ў іалятар часовага ўтрымання да Уладзіслава Стараверава выклікалі хуткую дапамогу. Ноччу яго вазілі ў шпіталь ды рабілі ўколы, бо яму было дрэнна з сэрцам.

Пасля бяссоннай начы ў ізалятары часовага ўтрымання, дзе хлопец чакаў сённяшняга суду, яго зноў вазілі ў Кастрычніцкі РАУС. Бо ўчора пратаколу затрымання на яго так і не склалі, і толькі ад міліцэйскага канвою ён даведаўся, што яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы і ў непадпарадкаванні міліцыянтам.

 

Уладзіслаў Старавераў заявіў хадайніцтва, каб у судзе прагледзелі міліцэйскі відэазапіс. Бо на працягу  акцыі ўсе падзеі здымаў штатны аператар, прычым не пытаючыся дазволу ва ўдзельнікаў акцыі ды прысутных. Журналіст лічыць, што на відэазапісе будзе відаць, што ён не брыдкасловіў, і што міліцыянты не выказвалі нейкіх заўваг, якім бы ён адмовіўся падпарадкавацца. Апрача гэтага, журналіст заявіў хадайніцтва пра неабходнасць прысутнасці адваката і перакладчыка. Праўда, суддзя Алеся Жарыкава зазначыла, што і так добра разумее беларускую мову.

Працяг суду над Уладзіславам Стараверавым адбудзецца 10 траўня.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства