У Барысаве і Брэсце першамайскія пікеты забаранілі
Барысаў
27 красавіка заяўнік пікету, прымеркаванага да Міжнароднага дня салідарнасці працоўных, старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Мікалай Пахабаў атрымаў адказ з мясцовага райвыканкама.
«Я і не чакаў іншага адказу, - кажа Мікалай Пахабаў. - Правядзенне пікету забаронена. Падстава вельмі туманная: у сувязі з парушэннем заканадаўства пры складанні заявы. Перш чым складаць заяву, мы аналізавалі, да чаго можна было б прычапіцца. Ні да чаго. Што ж, калі барысаўская вэртыкаль пайшла на такі крок, мы будзем абараняць свае правы на правядзенне пратэстных акцый у судзе».
Брэст
Брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні Першамайскага пікета прадстаўніцам Брэсцкага рэгіянальнага прафсаюза РЭП – старшыні арганізацыі Зінаідзе Міхнюк і кіраўніку Брэсцкай гарадской ячэйкі Аляксандры Гурынай.
Зінаіда Міхнюк падавала заяўку на пікет пры ўваходзе ў гарадскі парк імя 1 Мая, Аляксандра Гурына – каля Палаца прафсаюзаў.
Адмовы гарвыканкама базуюцца на тым, што адзіным месцам для правядзення пікетаў з’яўляецца стадыён “Лакаматыў”.
Першамайскі пікет меў на мэце прыцягнуць увагу ўладаў і шырокай грамадскасці да рэзкага пагаршэння жыцця, калі пры павышэннях коштаў заробкі і пенсіі людзей стаяць на месцы.
Актывісты РЭП з Брэста маюць намер 1 Мая прыняць удзел у дазволеным пікеце ў Мінску.
«Праваабарончая хроніка»