viasna on patreon

Натальля Ільлініч працягвае змаганьне за месца настаўніцы

2011 2011-04-25T18:39:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Калегія Менскага абласнога суду адмовіла ў аднаўленьні на працы былой настаўніцы зь вёскі Талька Пухавіцкага раёну Натальлі Ільлініч. Выкладчыца гісторыі вышэйшай катэгорыі прасіла прызнаць незаконным рашэньне суду Пухавіцкага раёну, які падтрымаў адміністрацыю Талькаўскай школы ў справе яе звальненьня. Актывістка БНФ Натальля Ільлініч называе сваё звальненьне палітычна матываваным.

Калегія абласнога суду разгледзела справу вясковай настаўніцы менш чым за гадзіну. Судзьдзя Тацьцяна Кулакова адмовіла Натальлі Ільлініч у хадайніцтве аб далучэньні да справы дадатковых дакумэнтаў, паўтарала за настаўніцай словы па-беларуску тады, калі трэба было падкрэсьліць іх юрыдычную недасканаласьць. Зачытанае судзьдзёй рашэньне аб адмове ў задавальненьні скаргі Натальля Ільлініч пракамэнтавала гэтак:

«Канечне, падставаў спадзявацца было мала, але я ўсё роўна спадзявалася, што абласны суд будзе больш справядлівы, чым раённы. Як бачыце, я памылілася — сыстэма працуе, як добра адладжаная машына, і асечкі не адбылося. Талькаўская школа — гэта мая школа, і я павінна туды вярнуцца».

Натальля Ільлініч, якая мае дачку-студэнтку, з 27 студзеня застаецца бяз працы. Каб падтрымаць звольненую настаўніцу, грамадзкія актывісты абвясьцілі акцыю салідарнасьці. Лісты, тэлефанаваньні і грашовыя пераводы Натальля Ільлініч атрымала больш як ад сотні чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Адна з актывістак — жыхарка вёскі Вежы Слуцкага раёну Менскай вобласьці Марына Дамарад — прыйшла падтрымаць Натальлю Ільлініч у судзе:

«Я была і ў Пухавіцкім судзе, і ў гэтым — я чула ўсіх сьведкаў, якія падтрымлівалі Натальлю Ільлініч. Але і Пухавіцкі раённы, і гэты Менскі абласны — несправядлівыя суды. Або яны былі падрыхтаваныя загадзя».

Настаўніцу гісторыі вышэйшай катэгорыі Натальлю Ільлініч дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль звольніла, не працягнуўшы кантракт пасьля таго, як у яе доме адбыўся ператрус у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску. Афіцыйная прычына звальненьня — парушэньні ў выкананьні службовых абавязкаў. Пухавіцкі раённы суд падтрымаў гэтае рашэньне, не зважаючы на шматлікія пратэсты калегаў-настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Яшчэ раней кіраўніца абласной управы адукацыі Таіса Данілевіч патрабавала, каб Натальля Ільлініч выйшла з партыі БНФ. Таму звальненьне настаўніцы і суды над ёй маюць палітычную афарбоўку, падкрэсьліў прысутны на працэсе палітык Вінцук Вячорка:

«Зразумела, што суд — гэта складовая частка сыстэмы падаўленьня іншадумства. Мы бачылі, як дэмагагічна адхіляліся нават спробы далучыць да справы дакумэнты. Такім чынам, быццам бы паводле фармальных падставаў, дыскрымінацыйнае рашэньне было пакінутае ў сіле. Інакш як ганебным я гэтае рашэньне назваць не магу».

Як паведаміла Натальля Ільлініч, сваё права на працу школьнай настаўніцай яна намерваецца адстойваць у Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства