viasna on patreon

Тыднёвы агляд паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі (25 красавіка-1 траўня)

2011 2011-05-01T14:39:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/humanrightsviolations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увесь тыдзень у судах Менску працягваліся працэсы па крымінальных справах, узбуджаных за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту, разглядаліся справы 11-ці абвінавачаных. Вынесены прысуд каардынатару кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Змітру Бандарэнку: ён пакараны па арт. 342 КК РБ двума гадамі калоніі. Наступ на свабоду слова ўзмацніўся – пад пагрозай ліквідацыя аказаліся два буйных незалежных выдання “Народная Воля” і “Наша Ніва”. Праваабаронцы пад забаронай: з Беларусі выправаджаны эксперт Міжнароднай назіральнай місіі Іван Кандраценка. Адміністрацыйны пераслед не спыняецца – затрыманні ўдзельнікаў акцый завяршыліся штрафамі і арыштамі. 

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

27 красавіка суддзя Тацяна Равінская агучыла прысуд каардынатару "Еўрапейскай Беларусі", даверанай асобе экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Змітру Бандарэнку - 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Марэк Мігальскі, дэпутат у Еўрапейскі Парламент і член-намеснік Дэлегацыі па суадносінах Беларусь – ЕС у рамках кампаніі праваабарончай арганізацыі Libereco ўзяў шэфства над З. Бандарэнкам. 

27-29 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну сталіцы праходзіў разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Дзмітрыя Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені, Паўла Вінаградава і Уладзіміра Хамічэнкі па ч. 2 арт. 293 – масавыя беспарадкі. Вінаградаў абвінавачваецца яшчэ і па ч.2 арт. 370 – знявага  дзяржсімвалаў: у 2007 годзе ён спаліў дзяржаўны сцяг. Вядзе працэс суддзя Ала Булаш. Абвінавачваныя Дрозд, Кіркевіч, Вінаградаў віны не прызналі, Хамічэнка прызнаў часткова, Пратасеня прызнаў віну ў поўным аб’ёме. Дапытаныя сведкі-міліцыянты, якія збольшага паўтарылі паказанні, што былі агучаныя на папярэдніх працэсах. Падчас разгляду справы судмедэксперты не пацвердзілі, што спецназаўцы былі збітыя. Некаторыя «пацярпелыя» нават не прыходзілі на экспертызу. У закрытым слуханні  эксперты, якія праводзілі псіхічную экспертызу ў адносінах да Хамічэнкі, прадставілі свае вынікі. Перапынак абвешчаны да 4 траўня.

27 красавіка ў судзе Партызанскага раёну сталіцы пачаўся разгляд крымінальнай справы ўдзельнікаў паслявыбарчай акцыі пратэсту па абвінавачванню ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 КК РБ) Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі. Справу разглядае суддзя Наталля Чацвертакова. Адвакат Варвашэвіч прасіў суд пра замену меры стрымання для А.Саннікава – з арышту на падпіску аб нявыездзе альбо хатні арышт. Суд не задаволіў хадайніцтва, паколькі дадзены крымінальны артыкул прадугледжвае пакаранне больш за 2 гады зняволення і лічыцца цяжкім злачынствам. Паводле пракурора, мітынгоўцы былі ўзброеныя запальваючымі сумесямі, сякерамі, ледарубамі, рыдлёўкамі, завостранымі палкамі і прыйшлі на Плошчу пад надуманым повадам фальсіфікацыі выбараў, далучыліся да натоўпу. Іх дзеянні прывялі да шматлікіх траўмаў супрацоўнікаў міліцыі. Пацярпелымі у справе фігуруюць 29 міліцыянтаў - тых, што і на судзе над Мікітам Ліхавідам. 28 красавіка ў працэсе былі дапытаныя толькі восем: 18 спецназаўцаў знаходзяцца ў адпачынку, адзін – на амбулаторным абследаванні. Іх з'яўленне у суд немагчымае. 29 красавіка адбываўся допыт сведак з боку абароны. Выступілі праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч. У судзе абвешчаны перапынак да 4 траўня.

29 красавіка Менгарсуд адмовіў у задавальненні скаргі Мікіты Ліхавіда на прысуд Партызанскага суду, паводле якога актывіста асудзілі на 3,5 гады зняволення.  Паводле маці палітвязня, 7 траўня яго адправяць па этапе ў калонію ў Наваполацку. Да таго часу Алена Ліхавід спадзяецца яшчэ атрымаць спатканне з сынам на "Валадарцы".

Прызначаная дата разгляду крымінальнай справы беларускіх анархістаў Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча і Максіма Веткіна, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні шэрагу нападаў і падпалаў на будынкі, а таксама ў іншых злачынствах. Справу будзе разглядаць суддзя Завадскога суда Жанна Хвайніцкая з 18 па 23 траўня. 

 

Абмежаванні свабоды слова

25 красавіка Міністэрства інфармацыі падало зыскавыя заявы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная воля». Гэтае паведамленне распаўсюдзіла 27 красавіка агенцтва БелТА са спасылкай на Міністэрства інфармацыі. «Дадзенае рашэнне прынята ў адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 арт. 51 закона „Аб СМІ“ ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям згаданых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў». БАЖ выказала рашучы пратэст супраць карных захадаў з боку Міністэрства інфармацыі. “Адметна, что цяпершаняя спроба закрыць два незалежныя выданні адбываецца на фоне негатыўных працэсаў у эканоміцы, палітычных працэсаў супраць апанентаў рэжыму, на фоне расследавання гучнай справы аб тэракце ў сталічным метро. Таму ўлады так намагаюцца задушыць свабоду слова ў краіне – бо палітыка татальнага кантролю над грамадскай думкай фактычна з’яўляецца асновай цяперашняга рэжыму ў краіне,” – адзначае БАЖ. Журналісцкая арганізацыя заклікала падтрымаць сваіх калегаў і склала прыкладны ўзор звароту ў Мінінфармацыі, які можа накіраваць у гэтае ведамства любы грамадзянін Беларусі — чытач газеты, занепокаены рашэннем Мінінфарма. Падрыхтоўчае паседжанне па справе “Нашай Нівы” адбудзецца 11 траўня. Дата пачатку асноўнага разгляду пакуль невядомая. 

26 красавіка ў Віцебску быў затрыманы журналіст Уладзіслаў Старавераў, які здымаў на відэакамеру пачатак малебну за ахвяраў Чарнобыльскай аварыі ля крыжа непадалёк ад Успенскага сабору. 27 красавіка ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску пачаўся працэс па справе журналіста па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. У якасці сведкаў з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якім не падабалася, што журналіст іх фатаграфуе, і віцебскія актывісты, гатовыя распавесці пра тое, як жорстка міліцыянты здзейнічалі падчас затрымання. У.Старавераў заявіў хадайніцтва аб праглядзе міліцэйскага відэазапісу, што падчас акцыі рабіў штатны аператар, а таксама аб неабходнасці прысутнасці адваката і перакладчыка. Наступнае паседжанне суддзя Алеся Жарыкава прызначыла на 10 траўня. 


Пераслед праваабаронцаў

28 красавіка каля будынку Кастрычніцкага райсуду сталіцы быў затрыманы і дастаўлены ў Маскоўскі РУУС эксперт Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю грамадзянін Расіі Іван Кандраценка, які назіраў за ходам крымінальнага судовага працэсу над абвінавачанымі ў масавых беспарадках Дз. Драздом, А. Кіркевічам, А. Пратасеням, П. Вінаградавым і У. Хамічэнкам. На свабодзе І. Кандраценка апынуўся толькі праз чатыры гадзіны, пратакол аб затрыманні не складаўся. У выніку яму быў уручаны апавяшчэнне міграцыйнай службы з загадам пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу 24 гадзін. Як адзначана ў адпаведным дакуменце, ён унесены ў спіс асобаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь непажадана. Такім чынам, выправаджэнне праваабаронцаў і забарона іх ўезду ў краіну становіцца ўжо нормай для беларускіх уладаў. У адказ на папярэднія выпадкі абмежавання ўезду прадстаўнікоў міжнароднай місіі з Украіны і Расіі на тэрыторыю Беларусі арганізацыі-ўдзельнікі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі запусцілі грамадскую кампанію «За Адкрыты ўезд у Беларусь».  

У Гродне працягваецца ціск на правабаронцу з БХК Святлану Рудкоўскую, якая актыўна працавала ў назіранні на апошніх выбарчых кампаніях. У дачыненні да яе як старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыва ўчастковы міліцыянер Ленінскага РАУС Андрэй Шэлег на падставе заявы сям’і супрацоўнікаў спецслужбаў Каяновіч па патрабаванні начальства склаў адміністрацыйны пратакол па арт. 9.24 КаАП. Праваабаронца з такім станам рэчаў катэгарычна нязгодная, лічыць такі падыход правакацыяй.

 

Затрыманні і  адміністрацыйныя пакаранні

25 красавіка ў цэнтры Полацку міліцэйскі патруль затрымаў двух актывістаў – Віктара Калесніка і Аляксандра Калінцава. У пастарунку на іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Ноч затрыманыя правялі ў ізалятары, на наступны дзень суддзя Полацкага суду Наталля Дзеравянка пакарала іх адміністрацыйным арыштам кожнага тэрмінам на двое сутак. В. Калеснік – заяўнік жалобнай акцыі да гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, у правядзенні якой Полацкі гарвыканкам адмовіў.

26 красавіка дванаццаць удзельнікаў пікету супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі пакараныя Фрунзенскім райсудом сталіцы штрафамі ў памеры ад 15 да 20 базавых велічынь (525-700 тыс. рублёў) на падставе арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання). Затрыманыя напярэдадні ў раёне станцыі метро “Фрунзенская”, ноч яны правялі ў РУУС. Сярод асуджаных шасцёра грамадзян Германіі – Юліяна Грынец, Андрэас Шэлхас, Яніна Ролік, Гвіда Хансен, Ян Хендрык, Катрын Хайнрых; грамадзянка Польшчы Дарота Кубашэўска і беларусы Ягор Яромчанка, Алена Вітко, Сяргей Слюсар, Ігар Багачык, Аляксандр Бугаёў. Пасля завяршэння суду замежныя грамадзяне былі ізноў дастаўленыя ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе правялі другую ноч. Як стала вядома праваабаронцам, прынятае рашэнне аб іх дэпартацыі і забароне ўезду ў Беларусь на пэўны тэрмін. 

26 красавіка ў Ваўкавыску нарадам міліцыі быў затрыманы грамадскі актывіст Віталь Гуляк, які расклейваў на рэкламных месцах гораду партрэты палітычных зняволеных. Пасля прафілактычнай гутаркі з прадстаўніком мясцовага КДБ, яго вызвалілі.

27 красавіка Фрунзенскі райсуд сталіцы пакараў грамадскага актывіста Ігара Трухановіча па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 10 сутак. Ён быў затрыманы напярэдадні асобамі ў цывільным каля будынку суда, дзе праходзілі працэсы па справах удзельнікаў пікету супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. 

28 красавіка суддзя Цэнтральнага райсуду сталіцы Іна Шайко прызнала актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандра Кудлаева віноўным ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і пакарала штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1 млн. 750 тыс. руб). Напярэдадні ўвечары актывіста затрымалі на Нямізе за спробу вывесіць на мосце расцяжку "Свабоду палітвязням!".

28 красавіка ў Менску і іншых гарадах краіны прайшла рэспубліканская акцыя "Стоп бензін 2" супраць павышэння коштаў на паліва. Акцыю ініцыявала ўстанова "За аўто". Яшчэ за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі адзін з арганізатараў Арцём Шаркоў быў выкліканы ў міліцыю, дзе даў падпіску пра тое, што ён "ведае беларускае заканадаўства". Падчас акцыі А. Шаркоў быў затрыманы і дастаўлены ў Ленінскі РАУС дзеля "высвятлення асобы". 29 красавіка ў Ленінскім РУУС яго азнаёмілі з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, узялі тлумачэнне і выклікалі ў суд на 5 траўня. У Віцебску супрацоўнікі ДАІ не дазволілі ўдзельнікам акцыі праехаць калонай па галоўнай вуліцы гораду. Аднаго з удзельнікаў аштрафавалі за тое, што ён, нібыта, размаўляў па тэлефоне падчас руху. Абураныя такімі адносінамі аўтамабілісты выказалі намер правесці наступную акцыю пад назвай “Стоп-ДАІ”.

Актывіст Партыі БНФ, былы старшыня «Моладзі БНФ» Алесь Каліта, які 24 красавіка ў Гомелі быў пакараны арыштам на 10 сутак па абвінавачванню ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП), перавезены ў Менскі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Прычыны гэтага раптоўнага перамяшчэння актывіста пакуль невядомыя. 

 

Абмежаванні свабоды мірных сходаў 

Берасцейскаму Свабоднаму прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці РЭП і мясцовай гарадской арганізацыі “Справядлівы свет” адмовілі ў правядзенні пікетавання ў Сусветны дзень працы. Прычына адмовы – месца запланаванага мерапрыемства. Пікеты планавалася правесці на пляцоўках каля Дома культуры прафсаюзаў ды пры ўваходзе ў парк “1 мая”, аднак гарадскія ўлады спаслаліся на тое, што адзіным дазволеным месцам з’яўляецца малалюдны стадыён "Лакаматыў". Не задволена заяўка прафсаюзу РЭП і на пікет у Барысаве.

Магілёўскі гарвыканкам таксама адмовіў сябрам Свабоднага прафсаюзу металістаў у правядзенні пікета 1 траўня ў цэнтры гораду – на Савецкай плошчы. У адказе адзначаецца, што гэтая плошча не з’яўляецца вызначаным месцам для правядзення такіх мерапрыемстваў. Таксама мясцовыя чыноўнікі Салігорску забаранілі першатравеньскі пікет у абарону правоў працоўных, і “маёўку” у Жодзіна.

25 красавіка ўпершыню за апошнія сем гадоў ўлады Гомеля дазволілі правядзенне ў горадзе дэмакратычнага мітынга, запланаванага на 1 мая, у дзень салідарнасці працоўных. Але ўжо праз тры заяўніка акцыі старшыню абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Уладзіміра Сякерку выклікалі ў гарвыканкам і паведамілі аб адмене дазволу мерапрыемства, нягледзячы на выкананне ўсіх патрабаванняў: заключаных дамовах з міліцыяй, камунальнымі службамі і “хуткай дапамогай”. Тлумачэнне – “у сувязі з правядзеннем на плошчы работ па праверцы фактычнага стану метала труб цепламагістралі”.

Палітычна матываваныя звальненні

25 красавіка Калегія Менскага абласнога суду адмовіла ў аднаўленні на працы былой настаўніцы з вёскі Талька Пухавіцкага раёну Наталлі Ільініч. Выкладчыца гісторыі вышэйшай катэгорыі прасіла прызнаць незаконным рашэнне суду Пухавіцкага раёну, які падтрымаў адміністрацыю Талькаўскай школы ў справе яе звальнення. Як паведаміла Н.Ільініч, сваё права на працу школьнай настаўніцай яна намерваецца адстойваць у Вярхоўным судзе.  

Тэлевядучаму Сяргею Дарафееву, якога пасля спецвыпуску ток-шоу «Выбар» 19 снежня, прысвечанага прэзідэнцкім выбарам у Беларусі знялі з эфіру, прапанавалі напісаць заяву аб звальненні з тэлеканала АНТ па згодзе бакоў. Ён займаў пасаду дырэктара дырэкцыі ранішняга вяшчання канала АНТ, праграму “Выбар” зачынілі, замест яе пачало выходзіць ток-шоу “Адкрыты фармат” з іншымі вядучымі.  

Звольнены з працы кіраўнік па Віцебскай вобласці руху "Маладая Беларусь" Алесь Галавань, які выкладаў беларускую мову і літаратуру ў 11-й сярэдняй школе Віцебску. Таксама звольнены актывіст "Маладой Беларусі" Валеры Раманенка, які працаваў у гандлёвым прадпрыемстве "Дом опту".

 

Умовы ўтрымання ў месцах зняволення

Пракуратура праверыла турмы і СІЗА Магілёўскай вобласці. Па выніках праверкі заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым і медыка-санітарным забеспячэнні зняволеных у папраўчых установах, разгледжаных 25 красавіка на калегіі пракуратуры Магілёўскай вобласці, стала вядома, што 80% калоній, у тым ліку і Бабруйскі следчы ізалятар № 5, з’яўляюцца перанаселенымі.  Праваабаронца Ўладзімір Краўчанка адзначае, што ў беларускіх умовах перанаселенасць можна прыраўняць да катаванняў. Нагадаем, раней аб парушэнні заканадаўства па ўтрыманню зняволеных і падследных паведамляў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. 

28 красавіка лідэра “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча ў кайданках і пад канвоем прывезлі ў слуцкі морг, каб развітацца з памерлай 26 красавіка маці, якой было ўсяго 54 гады. Адміністрацыя СІЗА не адпусціла асуджанага на два гады пазбаўлення волі “за асабліва злоснае хуліганства” актывіста на пахаванне. 5 траўня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца перагляд крымінальнай справы лідэра "МФ". Вызначана калонія, дзе будзе адбываць пакаранне Зм. Дашкевіч – у райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласці. Па словах паплечніцы маладафронтаўца Насты Палажанцы, у апошнім лісце ён піша, што пераведзены ў іншую камеру, з горшымі ўмовамі ўтрымання. У гэтай камеры знаходзіцца 40 вязняў, у паловы няма свайго ложку, адпаведна спяць яны па чарзе. 

29 красавіка Завадскі райсуд сталіцы адмовіў у задавальненні хадайніцтва аб змене меры стрымання сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу. 4 красавіка менскія сябры аргкамітэту БХД адправілі з Галоўпаштамту ў пракуратуру сталіцы 127 хадайніцтваў за змену меры стрыманьня П.Севярынца, зьняволенага ў СІЗА КДБ. Яшчэ 31 подпіс быў сабраны ў Бабруйску.

29 красавіка з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў пасля адбыцця арышту выйшаў на волю сябра БХК Павел Левінаў. Усе 10 сутак праваабаронца трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць неабгрунтаванай і незаконнай пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні. Праваабаронца заявіў, што ўжо справай гонару для яго з'яўляецца абскарджанне такіх жорсткіх і бесчалавечных ўмоў утрымання ў ЦІП. Для паляпшэння сітуацыі ён мае намер звярнуцца ў шэраг дзяржаўных органаў і ў суд. 

 

Парушэнні права на свабоду асацыяцыяў

Старшыні аргкамітэту па стварэнні Баранавіцкага аб’яднання ўкраінцаў “Кабзар” Мікалаю Чарнавусу адмовілі ў правядзенні пікета 27-29 траўня, падчас агульнагарадскога свята “Баранавіцкая вясна”, на якім актывіст збіраўся праінфармаваць грамадзян горада ад адмове ў прадастаўленні памяшкання для рэгістрацыі арганізацыі. 

 

“Праваабарончая хроніка”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства