Маладэчанцы аддаюць перавагу ананімным абмеркаванням праблем
У Маладэчанскім раёне апошнім часам асабліва вырасла сацыяльнае напружанне. Да звычайных лакальных праблем дадалася процьма праблем, выкліканых “аўральнай” падрыхтоўкай да “Дажынак”. Маладэчанцы незадаволеныя, але звязвацца з чыноўнікамі, арганізоўваць намаганні па вырашэнні пытанняў -- не спяшаюцца.
На адзіным маладэчанскім форуме, у “Гасцёўні” сайта афіцыйнай “Маладзечанскай газеты”, жыхары актыўна абмяркоўваюць мясцовыя праблемы, скардзяцца і спрабуюць дагрукацца да адказных асобаў. Пры гэтым ніхто не падпісваецца сапраўдным імем. Некаторыя накіроўваюць звароты і на сайт райвыканкама. Але, відавочна, усе віртуальныя звароты застаюцца без адказу.
Вось што пішуць мясцовыя інтэрнет-карыстальнікі: “У нас на сайте райисполкома есть ссылка "обратная связь". Хотелось бы получить комментарий, что будет, если написать туда, небось неделю с исполкома не выйдешь, все будешь объяснения писать - где, что, почему, когда и т.д. Ну и раз гостевая в "МГ" пользуется популярностью, может передавать в исполком распечатку сообщений хотябы еженедельно? А также прочитать ответы на вопросы или увидеть реакцию.”
Дзяржаўныя служачыя па-ранейшаму рэгулярна арганізоўваюць прыёмы грамадзян і звычайна да іх утвараюцца вялікія чэргі скаржнікаў ці просьбітаў. Але амаль усе яны звяртаюцца з асабістымі праблемамі. Распачынаць дыялог з уладамі па “агульных” праблемах – жадаючых мала.
Вольга Лагвіновіч, грамадская актывістка:
- Па маіх назіраннях, з кожным годам людзі ўсё больш баяцца адкрыта выказаць сваю пазіцыю. Хаця пратэстныя настроі растуць, але часта “запал” у людзей сканчаецца, калі трэба дзе-небудзь “засвяціць” сваю асобу. Нядаўна ў мяне здарыўся паказальны выпадак. Мы пачалі збіраць подпісы за ўсталяванне ў мікрараёне пешаходнай дарожкі. І адна жанчына, якая вельмі абуралася існуючым становішчам, адмовілася паставіць свой подпіс пад зваротам: маўляў, яе муж працуе ў падаткавай, раптам у яго узнікнуць праблемы. Яшчэ адзін чалавек адмовіўся далучыцца да звароту, бо сярод падпісантаў быў вядомы ў горадзе апазіцыянер.
“Праваабарончая хроніка”