У Бярозе збіраюцца правесці пікет салідарнасці з палітзняволенымі
Грамадскія актывісткі Таццяна Аліхвер і Галіна Кавалевіч з Бярозы падалі заяву на пікет у Бярозаўскі райвыканкам. Пікет запланаваны на 22 траўня перад ўваходам на вялікі базар. Мэта пікету – салідарнасць і маральная падтрымка палітычных зняволеных, пакараных за ўдзел у мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, і пратэст супраць збяднення.
Жанчыны лічаць, што не павінна быць у краіне палітзняволеных, што лепшыя актыўныя думаючыя людзі проста вынішчаюцца. Яны таксама хочуць звярнуць увагу на татальнае збядненне насельніцтва пасля выбараў, калі заробкі і пенсіі не растуць, а цэны падняліся на 12-17%. У пікеце плануюць прыняць удзел 10 чалавек
Па словах актывістак, яны спадзяюцца, што бярозаўскія ўлады прымуць станоўчае рашэнне і дазволяць пікет, не хаваючыся за рашэннем, згодна з якім адзіным месцам для пікетаў вызначаны два бязлюдныя стадыёны.
“Праваабарончая хроніка”