У Гродне Партыя БНФ актыўна выступае супраць пабудовы АЭС
Пасля адмовы ў правядзенні ў горадзе над Нёманам пікету з нагоды дваццаць пятых угодкаў Чарнобыльскай катастрофы, гродзенская гарадская арганізацыя Партыі БНФ працягвае кампанію па інфармаванні жыхароў. Арганізацыя актыўна выступае супраць пабудовы новай атамнай станцыі на тэрыторыі Астравеччыны. Для гэтага падрыхтаваны адмысловы інфармацыйны матэрыял з рэфрэнам: “Учора Чарнобыль – сёння Фукусіма – заўтра Астравец? Дзякуй. Не трэба!”. У ім даводзіцца ўся небяспека пабудовы новай электрастанцыі. Партыя БНФ прыводзіць наступныя аргументы:
- станцыя будуецца ў зоне тэктанічных разломаў, дзе ў 1908 годзе зафіксаваны наймацнейшы ў Беларусі Гудагайскі землятрус сілаю 7 балаў;
- станцыя ўзмацняе залежнасць Беларусі ад Расіі (крэдыт, паліва, ядзерныя адкіды, абслугоўванне);
- станцыя будуецца ў экалагічна чыстым месцы на рацэ Вялля за 5 кіламетраў ад Сарачанскіх азёраў, якія пераходзяць у раён адпачынку ў ваколіцах возера Нарач;
- станцыя будуецца за 50 кіламетраў ад Вільні, старажытнай сталіцы Беларусі, у рэгіёне з багатай культурна-гістарычнай спадчынай.
Партыя БНФ прапануе іншыя шляхі выхаду з энергетычнага крызісу і патрабуе разгледзець пытанне пабудовы АЭС праз шырокую грамадскую дыскусію з наступным рашэннем па ім дэмакратычна абраным парламентам.
“Праваабарончая хроніка”