Актывісту з Асіповічаў сканфіскаваную гітару так і не вярнулі
Супрацоўнікі праваахоўных органаў да гэтага часу не вярнулі гітару, прыватныя дзённікі і нэтбук актывісту ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева з горада Асіповічы Ігару Сімбірову.
- Я тэлефаную ў КДБ і міліцыю пастаянна, бывае, што і па некалькі разоў на тыдзень, - распавядае Ігар Сімбіроў. – І з такой жа рэгулярнасцю супрацоўнікі гэтых паважаных устаноў мне адказваюць, што вернуць мае асабістыя рэчы ўжо бліжэйшым часам. Не ведаю, колькі яшчэ будзе працягвацца ўся гэта цягамоціна. Абсалютна не разумею, якія адносіны да масавых беспарадкаў меюць мая гітара, дзённікі з чарнавікамі маіх песен, ды таксама і нэтбук, бо, акрамя запісаў маіх выступаў на канцэртах, там больш нічога няма. Я ж музыкант, і ўсе гэтыя рэчы мне неабходныя проста ўвесь час. Я ўжо раней і скаргу ў КДБ пісаў, а выніку ніякага. Для чаго гітара спатрэбілася столькі часу супрацоўнікам праваахоўных органам, можна толькі здагадвацца.
Ігара Сімбірова некалькі разоў выклікалі на допыт у якасці сведкі ў межах расследвання крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. 19 снежня Ігар Сімбіроў знаходзіўся ў калоне прыхільнікаў Уладзіміра Някляева, на якую напалі “невядомыя асобы” у чорным . Яго затрымалі ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года. Згодна з рашэннем суда, Ігар Сімбіроў адседзеў 15 сутак у жодзінскай турме за ўдзел у падзеях на Плошчы. Падчас знаходжання Ігара Сімбірова пад адміністрацыйным арыштам у кватэры, якую ён здымаў у Мінску, супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус . Яны забралі з кватэры асабістыя рэчы Ігара - нэтбук, гітару і прыватныя дзённікі - якія не вярнулі яму да гэтага часу.
Зараз Ігар Сімбіроў заканчвае працу над напісаннем дакументальнай аповесці, у якой ён распавядае аб падзеях, што адбываліся напярэдадні, падчас і пасля мітынгу на плошчы Незалежнасці з пункту гледжання непасрэднага шэраговага ўдзельніка.
“Праваабарончая хроніка”