viasna on patreon

Міністр Куляшоў – за абмежаванне волі непаўнагадовых правапарушальнікаў

2011 2011-05-09T16:39:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/anatolkuliashou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў лічыць, што неабходна абмяжоўваць волю падлеткаў, якія здзейснілі серыю правапарушэнняў. Ён заявіў пра гэта на семінары "Прафілактыка безнагляднасці і правапарушэнняў непаўнагадовых у сістэме выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь», які адбыўся напрыканцы мінулага тыдня ў Магілёве. Семінар праводзілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, удзел у ім прынялі міністры адукацыі і ўнутраных спраў Сяргей Маскевіч і Анатоль Куляшоў.

Як паведамляе БЕЛТА, сваё меркаванне Анатоль Куляшоў абумовіў тым, што аналіз структуры падлеткавай злачыннасці паказвае, што ў 2010 годзе з 342 непаўналетніх, якія тры і больш разы прыцягваліся да адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў, 109 пасля здзейснілі злачынствы. Гэта значыць, практычна кожны трэці. Таму змены і дадаткі, уносімыя па ініцыятыве МУС у закон "Пра асновы сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўнагадовых", прадугледжваюць пашырэнне пераліку катэгорый падлеткаў, якія накіроўваюцца ў спецыяльныя навучальна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы, і прадугледжваюць накіраванне ў гэтыя ўстановы непаўнагадовых, што здзейснілі на працягу года тры і больш разоў адміністрацыйныя правапарушэнні.

"Накіраванне непаўнагадовых у гэтыя ўстановы з'яўляецца мерай выключна прафілактычнага характару і будзе ўжывацца ў выпадку, калі іншыя выхаваўча-прафілактычныя мерапрыемствы не далі станоўчага выніку, і падлеткі не сталі на шлях выпраўлення, працягваючы здзяйсняць супрацьпраўныя ўчынкі і далучаць да антыграмадскіх паводзін аднагодкаў", - адзначыў Анатоль Куляшоў.

Інтэрнэт-сайт газеты “Магілёўскія ведамасці” паведамляе пра тое, што ўжо сёлета ў Палату прадстаўнікоў паступіць праект закона, які прадугледжвае забарону на знаходжанне непаўнагадовых у грамадскіх месцах у начны час. Па выступах шматлікіх парламентарыяў, а таксама прадстаўнікоў выканаўчай улады, сярод якіх былі міністры адукацыі і ўнутраных спраў Сяргей Маскевіч і Анатоль Куляшоў, можна зрабіць выснову, што ў прыняцці такога дакумента зацікаўлены многія ведамствы.

Наколькі стасуецца ініцыятыва Анатоля Куляшова аб абмежаванні свабоды падлеткаў, якія здзейснілі серыю правапарушэнняў, з Канвенцыяй аб правах дзіцяці, вялікае пытаннне. Аднак “народныя абраннікі”, хутчэй за ўсё, яе падтрымаюць. Як пішуць “Магілёўскія ведамасці”, “практычна ўсе ўдзельнікі семінара выказаліся за тое, каб падлеткаў, якія рэгулярна здзяйсняюць правапарушэнні, не марудзячы, накіроўвалі ў спецыяльныя навучальныя ўстановы, дзе прадугледжаны спецыяльны рэжым”.

Навошта патрэбна такое абмежаванне правоў падлеткаў, не вельмі зразумела, бо, згодна дадзеных міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, колькасць злачынстваў з удзелам дзяцей за апошнія 10 гадоў скарацілася на 47% (з 9028 у 2000 годзе да 4777 у 2010 годзе). Колькасць непаўнагадовых, якія ўдзельнічалі ў здзяйсненні злачынстваў, зменшыўся з 7769 да 3946, ці на 49,2 %.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства