viasna on patreon

Віцебскі журналіст не пайшоў у суд у знак пратэсту

2011 2011-05-10T15:50:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-staraveray-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзіслава Стараверава мусілі судзіць у Кастрычніцкім райсудзе: пасля затрымання 26 красавіка, калі хлопец фатаграфаваў жалобную “чаронобыльскую” акцыю, міліцыянты абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве. Працэс распачаўся 27 красавіка і мусіў працягвацца 10 траўня, але незалежны журналіст не пайшоў у суд, сказаўшы: “Мне няма чаго рабіць у гэтым цырку”.

Пра свае нежаданне ісці ў суд Уладзіслаў Старавераў паведаміў па тэлефоне:

“ Супраць мяне сабраліся сведчыць высокія міліцэйскія чыны: Ігар Скарыновіч, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкаму, і ягоны калега Аляксандр Каліноўскі, які адказвае за грамадскую бяспеку ў Кастрычніцкім РАУС. 26 красавіка менавіта гэтыя людзі мяне збілі і зламалі фотаапарат. Яны без усялякіх папярэджанняў накінуліся на мяне са спіны, толькі я пачаў здымаць жалобную акцыю. Мяне паклалі тварам на брукаванку, закруцілі рукі, паламалі фотаапарат… Аказваецца, міліцыянтам не спадабалася, што яны таксама трапляюць “у кадр”! Пасля такога абыходжання – збіцце, затрыманне, суткі ў ізалятары – я не спадзяюся на іх праўдзівыя паказанні. Тое, што я не брыдкасловіў і не аказваў супраціву пры затрыманні, бачылі дзесяткі людзей. Але я не веру, што суддзя Алеся Жарыкава прыслухаецца да іхных сведчанняў, і што прысуд будзе апраўдальны”.

Уладзіслаў Старавераў сказаў таксама, што на няпэўны час з’язжае з Беларусі, але ў палітуцекачы не збіраецца і мяркуе надалей займацца журналістыкай, нягледзячы на ўсе перашкоды.

Незалежны журналіст ужо не ўпершыню церпіць ад міліцыі за сваю прафесійную дзейнасць. 25 сакавіка журналіста таксама збілі і затрымалі, калі ён здымаў на відэакамеру пачатак акцыі да Дня Волі. У пастарунку міліцыянты заявілі, што ён падаўся ім падобным да маньяка-педафіла, які знаходзіцца ў вышуку  -- таму, маўляў, яго павалілі на зямлю і валаклі ў машыну.

Цягам 2010 году Уладзіслава Стараверава затрымлівалі 4 разы. Відэа пра адно  з гэтых затрыманняў шырока разышлося па інтэрнэце. На ім відаць, што міліцыянт Сяргей Казлоў правакуе хлопца на бойку, патрабуючы выключыць відэакамеру падчас інтэрв’ю з прадпрымальнікам Уладзімірам Правальскім – тады яшчэ прэтэндэнтам у кандыдаты.

Летась у снежні Уладзіслаў Старавераў  таксама атрымаў афіцыйнае папярэджанне з абласной пракуратуры пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства